У апошні дзень масленічнага тыдня, Прашчоную нядзелю, маладзечанцы адзначылі раённае свята “Масленіца – 2022”

09.03.2022

На пляцоўцы ля Амфітэатру 6 сакавіка разгарнулася свята “Масленіца”. Весела праводзіць зіму і сустрэць вясну запрасілі землякоў і гасцей горада скамарохі. Распачалі масленічную праграму ўдзельнікі дзіцячага калектыву Сярэдняй школы №11.
У першым блоку “Гэй, народзе, збірайся ў карагодзе” спецыялісты Палаца культуры г.Маладзечна заклікалі жыхароў горада павесяліцца, патанцаваць, а таксама пачаставацца смачнымі блінамі.
Танцы цешчы з зяцем, гульню “Цешчы на пацеху” і вялікі карагод з прысутнымі можна было пабачыць у другім блоку “Да цешчы на бліны”.
Трэці блок пад назвай “Суседскія пацехі” пачаўся гульнёвай праграмай. Маладзечанцы прынялі ўдзел у спаборніцтве “Маладзечанскі асілак”, конкурсе “Прыгажуня Масленіца”, батле прыпевачнікаў, турніры “Кіданне валёнка” і забаўляльнай пляцоўцы “Слуп”, якая карысталася асаблівай папулярнасцю. Усе пераможцы і актыўныя ўдзельнікі ўзнагароджваліся прызамі і пачастункамі. Пазітыўныя эмоцыі падаравалі народны вакальны ансамбль “Асалода” Раёўскага сельскага дома культуры і вакальны дуэт "Амадзіны" Красненскага сельскага дома культуры.
Чацвёрты блок “Весела зіму справадзім, спраўна Масленку мы зладзім” пачаўся з выхаду Вясны пад песню “Масленка”. Дзве прыгажуні, Зіма і Вясна, правялі песенны конкурс “Зіма-Вясна-Лета”, гульню “Перацягванне каната”, а таксама танцавальны батл. Гледачы падтрымлівалі ўдзельнікаў гучнымі апладысментамі.
Завяршылася гулянне традыцыйным абрадам – спальваннем масленічнага пудзіла, вышыня якога каля чатырох метраў, са словамі: “Няхай гарыць агонь цудоўны! Ачышчальны і чароўны!”. Маладзечанцы фатаграфаваліся каля агню і здымалі масленічнае вогнішча.