10.06.2022 Праект “Асоба эпохі” у межах ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2022”

10.06.2022

Ёсць постаці, лёс якіх пакідае неўміручы след у гісторыі і ў сэрцах людзей. Людзі, якія сваім прыкладам, працай, сілай волі, любоўю да жыцця здзіўляюць, заварожваюць, натхняюць…
Ужо пяты фестываль запар ва ўтульнай зале Палаца культуры праходзяць творчыя сустрэчы з людзьмі-легендамі ў рамках праекта “Асобы эпохі”. Госцем творчай імпрэзы ў гэтым годзе стаў беларускі кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Канстанцінавіч Захлеўны.
Шмат аматараў музычнага мастацтва сабраліся, каб пранікнуцца атмасферай творчасці. Сустрэча атрымалася цікавай і запамінальнай. Паміж гледачамі і народным артыстам адбыўся жывы дыялог. Леаніду Канстанцінавічу ўдалося акунуць усіх у вір памяці свайго творчага жыцця, яго непаўторная энергія захапіла ўсіх прысутных.
Асаблівым музычным падарункам стаў выступ салістаў Валянціна Кірыленкі і Таццяны Лазоўскай заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Бяседа”.