Оставить отзыв:












Авацыя №4 (54) 8 кастрычніка 2010г

 
Ад свята да свята…
…падзей было багата. Год без турботных фестываляў і конкурсаў даў магчымасць прыпыніцца на імгненне, пераасэнсаваць сваё месца ў жыцці горада, рэгіёна. Як гэта ні дзіўна гучыць, але пачатак другой семігодкі ў жыцці Палаца культуры замацаваў напрацаванае, дапамог раставіць прыярытэты, вызначыць накірункі дзейнасці адпаведна патрабаванням часу.
 І што самае галоўнае – паглыбіў дыханне вельмі важнага напрамку дзейнасці ўстановы культуры – духоўна-асветніцкага. Традыцыйныя і прафесійныя святы, юбілеі і мерапрыемствы рэгіянальнага ўзроўню, якія ладзіліся ў Палацы культуры, праходзілі на высокім узроўні. 70-годдзе Маладзечанскага раёна, святочныя ўрачыстасці абласных структур, сярод якіх 70-гадовы юбілей Мінскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра, прадпрыемства Мінаблаўтатранс, Мінаблгаз і іншыя. Традыцыйныя конкурсы “Залатыя нажніцы” і “Свет прыгажосці”, Навагоднія ранішнікі і агеньчыкі, свята “Маленькая краіна”, якія штогод радуюць самых юных маладзечанцаў і дарослых, здіўляюць разнастайнасцю рэжысёрскіх рашэнняў, яркімі і арыгінальнымі пастаноўкамі і касцюмамі.
         У адказных мерапрыемствах, канцэртных, забаўляльных праграмах, святах і конкурсах бяруць удзел харэаграфічныя, песенныя калектывы і аматарскія клубныя аб’яднанні ўстановы. Аб гэтым сведчаць перамогі і ўзнагароды на конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню.
Здзіўляюць творчымі здабыткамі, упрыгожваюць святы сваімі вырабамі члены аб’яднання “Майстар”, аматарскага гуртка пляцення з лазы “Вербачка”, мастакі, якіх аб’ядноўвае студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Паэтычнае аб’яднанне “Агмень” парадавала сваіх удзельнікаў выхадам у свет зборніка вершаў з аднайменнай назвай.
         Няпростым быў год для рэалізацыі гастрольных праектаў, але пошук новых форм работы, імкненне ісці насустрач пажаданням гледача, зрабіла магчымым выйсці на жадаемы ўзровень і добрыя перспектывы. Праца Палаца культуры не засталася не заўважанай. Па выніках за 2009 год дырэктар Святлана Рыгораўна Сарока была занесеная на раённую Дошку Гонару. Да таго кіраўнік калектыву стала намінантам прэміі Беларускага Саюза жанчын “За духоўнае і маральнае адраджэнне” на званне “Жанчына года” . Да пачэсных узнагарод далучаны дыплом ІІ ступені Упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама ў намінацыі “Лепшая арганізацыя культуры камунальнай формы ўласнасці па ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму”, які быў уручаны Палацу за ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе, абвешчаным Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафсаюзам работнікаў культуры.
         Знакавым для Палаца культуры, як і для ўсяго рэгіёна стаў 2010 год. На шырокі шлях выходзіць духоўна-асветніцкая дзейнасць, клопат аб маральным стане грамадства, ўзмацненні інстытута сям’і. У гэтым годзе меў працяў канцэрт- акцыя “Шлях да Храма”, ўзялі старт новыя дабрачынныя праекты. І самае важнае ў гэтым накірунку тое, што на Маладзечаншчыне быў дадзены старт Рэспубліканскай духоўна-асветніцкай праграме “Сям’я – Яднанне – Айчына”. Шмат мерапрыемстваў было праведзена ў рамках праграмы аддзелам па справах моладзі Палаца культуры сумесна з прадстаўнікамі Мінскай Епархіі Беларускага Экзархата, Маладзечанскім аддзяленнем Чырвонага крыжа, духоўна-патрыятычным аб’яднаннем “Светач”, у якіх прымалі ўдзел свяшчэннікі праваслаўных прыходаў маладзечаншчыны. У Палацы культуры прайшло больш дзесятка значных мерапрыемстваў, а ў цэлым па рэгіёне больш за сотню сустрэч з людзьмі, аб людзях і для людзей.
 
Ларыса СЫСУН
 
Дзень работнікаў культуры
Таленты года – 2010
Да прафесійнага свята культработніка ў Палацы культуры прайшоў конкурс “Талетн года – 2010”. Вызначыліся шэсць намінантаў.
         У намінацыі “Дырэктар года” перамагла Ларыса Генадзьеўна Ступіна – дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў. Адным з галоўных напрамкаў яе работы стала супрацоўніцтва з майстрамі народных промыслаў рэгіёна, якое напраўленае на адраджэнне нацыянальнай творчасці народных промыслаў і рамёстваў. Актыўная работа па раскрыцці творчага патэнцыяла ўдзельнікаў гурткоў і спецыялістаў Цэнтра рамёстваў дапамагла стварыць у калектыве стабільную і рэзультатыўную дзейнасць.
         Выставы Цэнтра заўсёды праходзяць на высокім узроўні, дэманструюць характар і рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага мастацтва Маладзечаншчыны.
         Ларыса Генадзьеўна разнапланавы і ініцыятыўны чалавек у грамадскім жыцці, яна неаднаразова была ўзнагароджаная за таленавіты і творчы падыход да арганізацыі работы раённага Цэнтра рамёстваў.
         Намінацыю “Настаўнік года” атрымала Людміла Аляксандраўна Гладкая, якая працуе настаўніцай па харавым класе і музычна-тэарытычных дысцыплінах у дзіцячай музычнай школе. Яна высокакваліфікаваны педагог, які глыбока зацікаўлены працэсам навучання.
         Людміла Аляксандраўна пастаянна ўдасканальвае методыку выкладання. Яе праца адзначаная шматлікімі ўзнагародамі. Як таленавіты хармайстр і адароны музыкант яна кіруе хорам малодшых класаў “Светлячок”. Дзякуючы высокамувыканальніцкаму майстэрствухор атрымаў шмат перамог на конкурсах харавых калектываў.
         Людміла Аляксандраўна Гладкая старанная і настойлівая настаўніца. Яна вельмі тактоўны, інтэлектуальны і сціплы чалавек.
         Таццяна Федараўна Цыпкіна стала намінантам як “Лепшы майстар года”. З 2002 года яна займаецца народным рамяством лазапляцення.
         Таццяна Фёдараўна выконвае складаныя работы, распрацоўвае асабістыя ўзоры, якія атрымалі высокую адзнаку. У 2006 годзе яна стала членам Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. З гэтага ж года жанчына працуе кіраўніком клуба майстроў раённага Цэнтра рамёстваў Маладзечанскага раёна.
         Майстрыха заўсёды прымае ўдзел у Рэспубліканскай выставе майстроў “Камарова – кола дзён” і свяце майстроў у вёсцы Вязынка.
         На базе раёнага Цэнтра рамёстваў Таццяна Фёдараўна часта праводзіць майстар-класы па лазапляценню, дзе ахвотна перадае свае навыкі іншым, патрабуючы ўзамен толькі цярпенне і старанне.
         “Лепшым бібліятэкарам” стала Ала Іванаўна Краўцова – загадчыца філіяла №7 раённай Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Ала Іванаўна паказала сябе як ініцыятыўны, камунікабельны і дысцыплінаваны кіраўнік.
 Трэба адзначыць, што Радашковіцкая бібліятэка адна з лепшых у вобласці. Асноўныя напрамкі бібліятэкі – садзеянне развіццю духоўнай і нацыянальнай культуры, краязнаўчая дзейнасць, распаўсюджванне экалагічных ведаў. Для жыхароў пасёлка арганізуюцца сацыяльнакультурныя мерапрыемствы, дзейнічаюць фотавыставы, выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дэманструюцца работы мастакоў, праводзяцца сустрэчы з дзеячамі культуры і мастацтва.
         Ала Іванаўна цікавы чалавек. Яна кожны раз павышае свой прафесійны ўзровень, карыстаецца заслужаннай павагай сярод чытачоў, супрацоўнікаў адзела культуры.
         Мастацкі кіраўнік Маркаўскага сельскага Дома культуры Алена Мікалаеўна Варанецкая перамагла ў намінацыі “Лепшы культработнік”. Алена Мікалаеўна адказны, творчы і камунекабельны чалавек , валодае выдатнымі арганізацыйнымі здольнасцямі, неардынарна падыходзіць да кожнага мерапрыемства, што праходзяць у Маркаўскім сельскім Доме культуры і карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў мясцовых жыхароў.
         Каб зберагчы фальклёрную спадчыну ў Маркаўскім доме культуры распрацаваныя, арганізаваныя і праведзеныя фальклёрныя святы такія як “Масленніца”, “Хрэсьбіны”, “Калядныя гасцінцы”. Напрацягу 2010 года праводзілася вялікая творчая работа па выкананні праграмы “Традыцыйная культура і дзеці”, праходзілі цікавыя разнапланавыя мерапрыемствы, якія заклікаюць да здаровага ладу жыцця.
         Алена Мікалаеўна – кіраўнік ансамбля народнай песні “Весялуха”. Яна не раз была ўзнагароджаная ганаровымі граматамі аддзела культуры і Мінскага абласнога Цэнтра народнай творчасці.
         Аляксандр Мікалаевіч Важнік, кіраўнік мужчынскай вакальнай групы “Менестрэлі” стаў пераможцам у намінацыі “Лепшы кіраўнік творчага калектыва”.
         Група “Менестрэлі” пачала існаваць у Палацы культуры з 2008. У яе рэпертуары ёсць духоўныя творы, народныя і казацкія песені. Аляксандр Мікалаевіч захапляецца паэзіей. Таму, шмат твораў для калектыва Аляксандр Мікалаевіч піша сам. У 2009 годзе “Менестрэлі” былі ўзнагароджаныя дыпломам І ступені раённага фестывалю-конкурсу харавых і вакальных калектываў “Паклон табе, мой беларускі край”. У канцы 2009 года група выпусціла два музычных дыска і пабывала на гастролях у Германіі.
 
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
 Акцыі
 
Свята, святлей не бывае
         Светлым, узнёслым, напоўненым падзеямі высокага гучання быў завяршаючы дзень мерапрыемстваў, якія ладзіліся на Маладзечаншчыне ў рамках духоўна-асветніцкай праграмы “Сям’я – Яднанне – Айчына”.
         Пачаўся ён урачыстай літургіяй у Свята-Пакроўскай царкве, якую правёў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі Уладыка Філарэт. Па завяршэнні богаслужэння яе ўдзельнікі зліліся з жадаючымі далучыца да свята і вялікім хросным ходам, вернікі з усёй Маладзечаншчыны пайшлі да ўстаноўленага ў цэнтры горада крыжа.
         Пасля малебна, на шматлікіх выстаўках каля Палаца, удзельнікі свята маглі пазнаёміцца з мастацтвам мясцовых творцаў, набыць прадметы духоўнай культуры, кнігі. На працягу дзесяці дзён актыўна працавала кніжная палатка выдавецтва Беларускага Экзархата, а ў апошнія святочныя дні да выдаўцоў далучыліся царкоўныя прыходы маладзечаншчыны і розных манастыроў. У выставачнай галереі Палаца жадаючыя маглі наведаць выставу іканапісу маладзечанскай мастачкі Ядзвігі Сянько “Святыя абразы душу нам саграваюць”. Словы падзякі за руплівую працу творцы, якая шмат робіць на шляху духоўнага адраджэння, выказаў Уладыка Філарэт, які наведаў выставу.
         Шмат было жадаючых трапіць на ўрачыстае закрыццё духоўна-асветніцкай праграмы “Сям’я – Яднанне - Айчына”, якое праходзіла ў канцэртнай зале Палаца культуры. Прыгожай, трапяткой харэаграфічнай кампазіцыяй з дзецьмі-анёламі і сваеасаблівай песняй-гімнам “У гэтым доме будзе любоў”, у выкананні юнай Марыі Фішман, быў пакладзены пачатак мерапрыемству. Натхнёна, з вялікім пачуццём вялі свята дырэктар Палаца культуры Святлана Сарока і Сяргей Карзей са сваімі юнымі памочнікамі Юліяй Крук і шасцігадовым Мішам Пагуда.
         Фільм Маладзечанскага тэлебачання на тэмы маралі, духоўна-асветніцкіх мерапрыемствах, якія ладзіліся напярэдадні свята ў рэгіёне, засведчыў важнасць праграмы, яе своечасовасць. З удзячных словаў гораду за прынятую эстафету падобных святаў пачаў сваё выступленне Мітрапаліт Філарэт. Сплавам самаахвярнасці і веры назваў ён сям’ю і тое, што любіць – гэта значыць дараваць адзін аднаму, быць прыкладам, якім з’яўляецца для нас Хрыстос. “І якія мы самі, такія наші сем’і, такой будзе і дзяржава”, – падкрэсліў Патрыярх Усея Беларусі. Своеасаблівым “хрышчэннем” стала першае выступленне на Маладзечанскай зямлі губернатара Мінскай вобласці Барыса Батуры. Яго галоўнай думкай былі пытанні клопату аб сям’і з боку дзяржавы, узаемадзеяння грамадскасці і інстытутаў улады. Пасля словаў прывітання ён уручыў старшыні Маладзечанскага райвыканкама Генадзю Кучко факсімільнае выданне Слуцкага “Евангелле”. Аналіз праведзеных святаў у іншых гарадах сведчыць аб узросшай актыўнасці людзей, іх цікавасці да пытанняў духоўнасці, веры. Пра гэта казаў у сваім выступленні Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка.
 ”Свет дзяцінства”, “Бацькоўскі дом”, “Гісторыя Айчыннай славы”, “Прыгажосць выратуе свет” – з такіх кампазіцый складалася вялікая канцэртная праграма мерапрыемства. У ёй прынялі ўдзел лепшыя калектывы і выканаўцы Маладзечаншчыны: Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль песні і танца “Спадчына”, узорны хор “Журавачка” Маладзечанскай дзіцячай музычнай школы, вакальная група “Менестрелі” Палаца культуры.
         Сям’я – гэта цяпло і ўтульнасць, надзейнасць і любоў. А калі яна аб’яднаная агульным захапленнем – творчасцю – моцная ўдвая, аб чым засведчыў на сцэне сямейны ансамбль Бойкаў з Салігорскага раёна. У літаратурна-музычнай кампазіцыі гасцей свята, акцёраў праваслаўнага тэатра “Спадарожнік хрысціяніна”, выразна і пранікнёна прагучала тэма сям’і, права кожнага чалавека, асабліва дзіцяці, на шчасце ў першаснай ячэйцы дзяржавы. У завяршэнні канцэрта выступіў Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К.Агінскага, пад кіраўніцтвам Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Рыгора Сарокі. У выкананні хора і салістаў прагучалі творы сусветнай класікі і “Малітва” А. Атрашкевіч, прысвечаная Еўфрасіні Полацкай. Прысутныя былі ў захапленні не толькі ад канцэрта. Іх уразіла і ўзрадавала тое, што такія маштабныя мерапрыемствы, акцыі, духоўна-асветніцкія праграмы з’яўляюцца ініцыятывай установы культуры, падтрымліваюцца ўладай. Далучаюцца да гэтай справы гарамадскасць, удзельнічае моладзь, дзеці і гэта аб’ядноўвае і абнадзейвае ў думках, што мы ідзем да Храма.
 
Ларыса СЫСУН.
 
Выставы
 
Мядовая восень
На вуліцы восень, залатая, але прахалодная і дажджлівая пара. Хочацца схавацца дзе-небудзь ад халоднага ветру, ад золі вуліц, ад мітусні людзей...
 І я знаходжу такое месца - выставачная зала Палаца культуры. Збор карцін выдатнага мастака нашых краёў Алеся Квяткоўскага прадстаўленая пад назвай "Намаляванае словы". Гледзячы на гэтыя працы, разумееш, што на самай справе ёсць таленавітыя людзі, здольныя адбіць свае пачуцці на карціне. Шматлікія працы Алеся Квяткоўскага прасякнутыя пчалінай тэматыкай ("Пчалінае ўзнясенне", "Соты", "Мядовы спас"). Ад іх быццам бы цягнецца бурштынавае святло і павее мёдам. Іншыя карціны вабяць нас у ціхія і спакойныя лясы ("Колеры лесу"), зачароўваюць сваёй каляровай гамай і проста расчыняюць перад гледачом жыццё мастака ("Мае жанчыны", "Аўтапартрэт").
         Але аб'ядноўвае большасць прац мастака імкненне з'яднаць асаблівасці прыроды і чалавека. У карцінах Алеся Квяткоўскага адчуваецца самастойнае асэнсаванне аўтарам шматлікіх міфалагічных беларускіх выяў праз паэзію і жывапіс ("Пан лёсак").
         Наведаўшы выставу карцін Алеся Квяткоўскага, выходжу з Палаца культуры з мноствам новых думак у галаве. Настрой падымаецца. А восень становіцца сонечнай, ціхамірнай і ветлівай.
 

 

Алеся ДЗЯМКО