Оставить отзыв:












Авацыя №3 (59) 18 сакавіка 2011 года

 
Маладзічок зноў збірае сяброў!
Які цудоўны і прыгожы наш любы горад! Ён паступова і непрыкметна прачынаецца ад зімовага сну, рыхтуецца належным чынам да сустрэчы з гаспадыняй – вясной. Ён проста маладзее на вачах!
І наш Палац культуры таксама рыхтуецца ў хуткім часе прывітаць маладых, энэргічных і таленавітых юнакоў і дзяўчат. Недарэмна ж кажуць, што маладым усюды ў нас дарога… І гэта сапраўды так. З 25 па 27 сакавіка Палац культуры гасцінна расчыне дзверы насустрач IV адкрытаму конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2011”. Гэты конкурс у чацвёрты раз збярэ таленавітых “зорачак” амаль з усёй Беларусі.
Прыемна, што на “Маладзічок” ужо ў другі раз збіраюцца прыехаць госці з Расіі з г. Гарадзец - дзіцячая ўзорная эстрадная студыя “Сальвейг”, якой кіруе Ніна Вячаславаўна Жэлніна. У мінулым годзе яны толькі гасцявалі ў нас - выступалі з канцэртамі ў ДУА “Гімназіі – каледжы мастацтваў г.Маладзечна”, а ў гэтым прывязуць з сабой трох канкурсантаў, што вельмі нас радуе.
Ацэньваць дзіцячыя спевы, іх вакальныя здольнасці і майстэрства будзе, як заўсёды, кампетэнтнае журы. Трэба адзначыць, што яго рашэнне ўсе папярэднія гады было справядлівым і аднагалосным. У склад журы ўвойдуць:
   - абаяльны Алег Мікалаевіч Елісеенкаў, член Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна, старшыня журы;
   - наш славуты зямляк Рыгор Сямёнавіч Сарока, дырэктар УА “Маладзечанскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага”, ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна;
   - заснавальнік і арганізатар “Маладзічка” Алена Віктараўна Атрашкевіч, член Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь, старшыня камісіі “мастацтва эстрады” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, кіраўнік узорнай студыі эстраднай песні “Спяваем разам” Палаца культуры г.Маладзечна;
 - Пётр Ялфімаў, артыст беларускай эстрады;
-  Нэллі Сяргееўна Дукава, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Адыгея, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў;
   - Генадзь Анатольевіч Смольскі, мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага конкурсу маладых эстрадных выканаўцаў “БелАЗаўскі акорд”;
   - Таццяна Канстанцінаўна Якушава, галоўны рэдактар музычных праграм Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё;
   - Ніна Мікалаеўна Мазай, старшыня Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі;
   - Алег Міхайлавіч Сямёнаў, спявак, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне”.
 
Якія ж маладыя выканаўцы прыедуць на конкурс і адкуль яны? Аб гэтым мы даведаліся ў мастацкага кіраўніка Палаца культуры Валянціны Іванаўны Жаўняровіч і вядучага метадыста аддзела мастацкай самадзейнасці Святланы Васільеўны Плікус. Дзяўчаты ўжо ў чацвёрты раз прымаюць заяўкі і з’яўляюцца галоўнымі каардынатарамі “Маладзічка”. Юныя спевакі будуць выступаць у чатырох узроставых катэгорыях: 6-9 год, 10-12 год, 13-15 год і 16-18 год.
У першай узроставай катэгорыі заяўлена 14 удзельнікаў, двое  з іх – расіяне: Соня Бараўкова і Мікіта Бялоў, адзіны хлопчык у малодшай групе. Яны займаюцца ў дзіцячай узорнай эстраднай студыі “Сальвейг”.  А вось Насця Дарожкіна – з г.Віцебска. Яна любіць сцэну і верыць ў тое, што галоўныя яе перамогі яшчэ наперадзе. Ліана Яраховіч з г.Лунінца, вясёлая, гарэзлівая дзяўчынка, любячая свайго хамяка Васю і кошку Ласку. З Баранавіч, Брэсцкай вобласці, прыедзе Васіліса Кузьміна, якая сама піша песні і валодае акцёрскімі здольнасцямі. Маленькая Наташа Трус таксама з Брэсцкай вобласці. У дадзены момант яна рыхтуецца да адборачнага тура міжнароднага фестывалю “Славянскі базар”. Вось такія будуць у нас малышы – маленькія, але ўдаленькія.
Другая ўзроставая група самая шматлікая – 21 чалавек. Тут будзе весці спаборніцтва Іван Токараў, прыехаўшы з Расіі разам са студыяй “Сальвейг”. Шасцёра ўдзельнікаў з узорнай студыі эстраднай песні “Спяваем разам” нашага Палаца культуры таксама паспрабуюць атрымаць узнагароды: Максім Слацін, Ліда Сасункевіч, Арына Кудраўцава, Маша Субач, Каця Паўловіч, Даша Атрошанка. Большасць з іх будуць выконваць цудоўныя песні, напісаныя Аленай Віктараўнай Атрашкевіч. Удачы вам, сябры! Ёсць у гэтай групе нават два стыпендыяты Прэзідэнтскай прэміі – Крысціна Святлічная (г.Мінск) і Іра Карытка (г.Фаніпаль). Гэта добры знак.
Трэццяя ўзроставая катэгорыя налічвае ўсяго 11 канкурсантаў, двое з іх займаюцца ў студыі “Спяваем разам” г.Маладзечна. Лада Лінкевіч і Эдуард Жалубоўскі парадуюць нас сваімі звонкімі і яркімі галасамі.
Выканаўцаў ад 16 да 18 год – сямнаццаць. Усе яны маюць ужо не адну ўзнагароду і з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Сярод іх Маша Ляшчынская і Даша Савіцкая, удзельніцы студыі “Спяваем разам”, прыгожыя і вельмі таленавітыя дзяўчынкі. А таксама Наташа Карпава і Наташа Ламака, якія займаюцца ў студыі “Жывы гук” Палаца культуры г.Маладзечна пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Сушко.               
З Мінскай вобласці Валожынскага раёна прыедзе на конкурс Алеся Сяргейчык. Адну з песен, якую будзе выконваць, Алеся напісала сама. Ліда Лысянкова з Ліды, акрамя спеваў, яшчэ грае на гітары і захапляецца вывучэннем замежных моў. Уладзіслаў Лоўгель з горада Гродна – паўфіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Песня для Еўрабачання – 2009”. І яшчэ нас чакае шмат незабыўных сустрэч з маладымі і таленавітымі выканаўцамі, якія прадстаўлялі сваё майстэрства не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Пажадаем усім ім перамогі, знайсці на “Маладзічку” новых сяброў, яркіх уражанняў і ўпэўненнасці ў сваіх творчых здольнасцях.
Што  нас чакае на працягу трох конкурсных дзён? 25 сакавіка адбудзецца “Вечар знаёмстваў” і жараб’ёўка. 26 сакавіка плануецца афіцыйнае адкрыццё конкурса і сама конкурсная праграма ў розных узроставых групах. 27 - для юных удзельнікаў Нэллі Сяргееўна Дукава, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Адыгея, выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, пакажа майстар-клас. Затым будзе працяг конкурснай праграмы сярод старэйшых узроставых катэгорый, “круглы стол”, узнагарода пераможцаў і канцэрт лаўрэатаў і гасцей конкурсу. Падрабязней можна даведацца, прыйшоўшы ў Палац культуры, чакаем Вас.
Жыві, “Маладзічок”! Дужэй, набірайся вопыту і збірай вакол сябе юных, прыгожых, таленавітых і ўлюблёных у музыку сяброў!
Марына ЮХНЕВІЧ
 
Традыцыі “Маладзічка”
Чацвёрты раз у нашым горадзе будзе праходзіць адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2011”. Пра яго станаўленне і развіццё расказала “Авацыі” член Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік узорнай студыі эстраднай песні “Спяваем разам” Палаца культуры Алена Віктараўна Атрашкевіч.
- “Маладзічок” з’явіўся пасля паездак з выступленнямі студыі “Спяваем разам” за мяжу, - расказвае Алена Віктараўна. - Там праводзяць шмат розных музычных конкурсаў і я заўсёды зайздросціла, што нічога падобнага няма ў нас. Вось і вырашыла прапанаваць Святлане Рыгораўне сваю ідэю наконт  такога фестывалю. Дырэктар Палаца культуры мяне падтрымала і ў 2005 годзе стартаваў першы адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”.
У 2005 годзе было пададзена каля 60 заявак. Удзельнікі прыехалі не толькі з Беларусі. Былі маладыя выканаўцы з Расіі і Украіны. Маладзечна прадстаўлялі ўзорныя эстрадныя студыі “Жывы гук” і “Спяваем разам” Палаца культуры, а таксама эстрадная студыя Цэнтра мастацкай творчасці навучэнцаў. Два дні гучалі звонкія галасы пачынаючых эстрадных спевакоў, якія ярка прадэманстравалі свой талент.
Алена Віктараўна ўспамінае, што самай адметанай ўдзельніцай “Маладзічка-2005” была Ганна Рочава з Уладзіміра (Расія). Менавіта гэта дзяўчынка пакарыла сваім талентам усіх членаў журы і атрымала  Гран-пры першага конкурсу.
Пры арганізацыі “Маладзічка” падумалі і пра дасуг канкурсантаў. Каб удзельнікі не сумавалі, для іх падрыхтавалі цікавую забаўляльна-пазнавальную праграму. Адбыліся сустрэчы з рэжысёрам  і мастацкім кіраўніком тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандрам Яфрэмавым і актрысай Валерыяй Арланавай. Творчы вечар з канкурсантамі “Маладзічка”  правяла паэтэса, рэдактар аддзела музыкі часопіса “Мастацтва” Таццяна Мушынская. Майстар-клас па методыцы выкладання джазавага вакалу паказала лаўрэат міжнардных конкурсаў Таццяна Савасцьянава.
Запамінальным быў і ІІ адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2007”. Прысутных уразіла выступленнем ДАМіНіка з Крупак, якая атрымала Гран-пры. Таццяна Якушава, галоўны рэдактар музычных праграм Першага Нацыянальнага канала беларускага радыё, адзначае, што хочацца, каб такая па-сапраўднаму добрая барацьба паміж талентамі працягвалася з года ў год, каб узровень майстэрства ўзрастаў, каб “Маладзічок” станавіўся ўсё больш і больш папулярным конкурсам сярод юных выканаўцаў.
На ІІІ адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2009” заяўкі падалі больш 90 чалавек. Дзяўчаты і хлопчыкі выконвалі па дзве музычныя кампазіцыі: адна павінна была быць абавязкова беларускага аўтара, а другая на выбар. Усе ўдзельнікі выступалі цудоўна. Кожны паказаў сябе як творчую асобу. Адным з самых яскравых маладых  выканаўцаў быў Яўген Каладко, які выступаў у ІІІ узроставай катэгорыі. Хлопчык прыехаў да нас з Баранавіч. Ён здзівіў журы сваім артыстызмам, добрымі вакальніцкімі здольнасцямі, уменнем трымацца на сцэне. І, па выніках конкурса, менавіта Жэня атрымаў Гран-пры.
Вось і сёлета на ІV адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок-2011” падалі больш 100 заявак. Гэты відавочны факт гаворыць аб тым, што наш “Маладзічок” з кожным годам становіцца ўсё больш і больш папулярным.
-Развіццё любога фестывалю ці конкурсу перш за ўсё залежыць ад яго традыцый , - расказвае Алена Віктараўна. – Смела можна казаць, што  “Маладзічок” мае свае ўжо моцна ўсталяваныя традыцыі. А гэта ў сваю чаргу гаворыць пра тое, што многія дзеці, якія аднойчы бралі ўдзел у конкурсе, вяртаюцца да яго зноў. Так, сёлета будуць выступаць Савіцкая Даша і Ляшчынская Марыя, якія паказвалі сваё майстэрства ў мінулы раз. Акрамя таго, заўсёды ў конкурсе ўдзельнічаюць узорныя студыі эстраднай песні “Жывы гук” і “Спяваем разам” Палаца культуры горада Маладзечна.
Алена Віктараўна адзначае, што “Маладзічок” дае магчымасць праявіць сябе як творчую асобу і найбольш выразна раскрыць талент і здольнасці ўдзельніка. Да прыкладу Ганна Рочава, якая прымала ўдзел у “Маладзічку-2005” была пераможцай “Славянскага базару ў Віцебску”, Ліда Заблоцкая па запрашэнні Леаніда Захлеўнага выступала на ўрадавым канцэрце ў Палацы Рэспублікі, Саша Салаўёў з’яўляецца салістам Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам М.Я. Фінберга.
Калі чалавек сапраўды адораны талентам, лічыць Алена Атрашкевіч, ён павінны даказаць, што лепшы. А такіх як мы бачым, нямала і гэтаму спадарожнічае “Маладзічок”.
Надзея СТАНКЕВІЧ
 
 
 
“Спяваем разам” памаладзела
І адбылося гэта пяць-шэсць год таму, калі адначасова  з пад крыла Алены Віктараўны Атрашкевіч пачалі вылятаць птушаняты ўжо  другога пакалення. Шмат высілкаў каштавала адначасова аднавіць састаў.  Было рашэнне прыняць у студыю толькі двух найбольш адораных дзяўчынак – Лідачку Сасункевіч і Настачку Лушчык.            Але на той час шмат  маленькіх маладзечанцаў прыйшло з  жаданнем займацца ў вядомага кампазітара і кіраўніка папулярнай студыі Палаца культуры. Дзеці былі такія розныя і не думалася, што ўсе здолеюць спяваць, адбудзецца натуральны адсеў. Але дзякуючы атмасферы сяброўства, узаемнай падтрымцы і, асабліва  майстэрству педагогаў, уласнаму жаданню і старанню дзяцей, усе выраўняліся і паказваюць добрыя вынікі. Такім чынам студыя сёння  зусім “юная”,  асноўны састаў яе 10-12 гадовыя дзяўчынкі і хлопчыкі, але яна не мінае ніводнага дзіцячага песеннага конкурсу.
Ёсць на каго раўняцца юным студыйцам. Студэнткай стала  пераможца мінулага  конкурсу “Маладзічок-2009” Кацярына Станкевіч.  Уладальнік Гран-пры  Нацыянальнага фестываля беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2007” студэнт ДУКіМ Аляксандр Салаўёў, сёння ўжо саліст Дзяржаўнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. На 1 курсе  Дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва займаецца здольная і настойлівая ў дасягненні мэтаў выпускніца студыі Лера Дасюкевіч.
І хаця ў многіх розныя спецыялізацыі, хоць і звязаныя з мастацтвам, але амаль усе не ўяўляюць сваё жыццё без сцэны. Ганарыцца Алена Віктараўна Юліяй Васілевіч, якая заканчвае Вышэйшую навучальную ўстанову у Маскве і шмат спявае, не гаворачы аб першых ластаўках: Дзмітрыі Сяргееве і Дарыі,  якія выляцелі з пад крыла Алены Віктараўны першымі. Усе яны падтрымліваюць творчыя сувязі са сваёй студыяй, з’яўляюцца прыкладам для роста іншых і заўсёды рады магчымасці выступіць у сваёй альма-матар – Маладзечанскім Дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.К.Агінскага, на сцэне Палаца культуры перад удзячнымі землякамі.
Чым можна растлумачыць фенамен такой еднасці, поспеху дзіцячага творчага калектыва, папулярнасць і прэстыжнасць якога не згасае?  Без перабольшвання можна сказаць – дзякуючы таленту,  незвычайнай арганізаванасці і вялікай зацікаўленасці кіраўніка не проста вынікам працы. Дзяцей не зманіш, утрымаць іх інтарэс і давер бацькоў можна толькі сурьёзным стаўленнем да справы, верай у кожнага свайго выхаванца. А галоўнае – дабразычлівыя адносіны пануюць у калектыве, дзе ўсё замешана на любові і павазе ад вялікага да самага маленькага ўдзельніка студыі. А якія па-майстэрску разняволеныя, артыстычныя і разам с тым арганізаваныя дзеці на сцэне, бо спяваюць не проста так, а разам! 
Умее Алена Віктараўна зацікавіць і прыцягнуць да справы агульнага клопату, дапамогі і  бацькоўскі актыў. Выступленнні  толькі за апошнія гады ў студыі  былі  вельмі значныя.  Юныя спевакі былі лаўрэатамі і пераможцамі на розных конкурсах і фестывалях. Эдуард Жалубоўскі стаў пераможцам рэгіянальнага фестывалю-конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”, Маша Ляшчынская была фіналісткай ІІІ заключнага этапа рэспубліканскага конкурса маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Першай значнай перамогай Арыны Кудраўцавай стала 2-е месца на ІІІ адкрытым конкурсе дзіцячай юнацкай творчасці “Залатая ліра”. Дыпломамі ІІ ступені былі адзначыныя выступленні Ліды Сасункевіч на рэгіянальным фестывалі-конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля” і на ІІІ адкрытым конкурсе дзіцячай юнацкай творчасці “Залатая ліра”.
Асаблівым гонарам для юных маладзечанцаў была магчымасць паўдзельнічаць у мінулым годзе ў памятным вечары, прысвечаным юбілею нашага песняра Уладзіміра Мулявіна. Амаль ва ўсіх адказных канцэртах і не толькі на сцэне Палаца культуры выконвае студыя гімн нашай  вобласці “Міншчына”,  стаўшую сакральнай песню “Землякі”,  напісаныя  Аленай Віктараўнай Атрашкевіч на вершы выдатнага паэта-песенніка Васіля Жуковіча. Дарэчы, унікальны плён працы двух творцаў – толькі што выдадзены Мінскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці  песенны зборнік “Дарогамі вайны і перамогі”, прысвечаны ўдзельнікам, ветэранам апошняй вайны.
Шмат працы і планаў наперадзе ў выкладчыка, кіраўніка,  члена Саюза кампазітараў Рэспублікі Беларусь, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь,члена пастаяннай камісіі па адукацыі,навуцы,культуры і сацыяльнаму развіццю Алены Віктараўны Атрашкевіч. І немалая доля іх звязаная са студыяй “Спяваем разам”. Што значыць арганізаваць, стаўшы такім папулярным,  конкурс “Маладзічок”, прычым,  шмат студыйцаў бярэ ў ім удзел.                
Надыходзіць пятнаццацігоддзе калектыва, які заўсёды здзіўляў сваімі творчымі знаходкамі і юныя пасажыры “лодкі дзяцінства” павінны парадаваць маладзечанскага гледача новымі прыгожымі песнямі. Некаторыя з іх, напэўна, прагучаць на “Дажынках -2011”, у якіх сярод гаспадароў  свята, мараць выступіць і юныя артысты Палаца культуры. Пасеянае дабро, памножанае на талент і жаданне спяваць разам ізноў, мы упэўнены,  дадуць добрыя плады.
Ларыса СЫСУН
 
Танец – мова цела і душы
...Танец – самае ўзвышанае, самае цудоўнае з усіх мастацтваў, таму што ён не проста адлюстроўвае жыццё, а з’яўляецца жыццём.
Дваццатага сакавіка ў Палацы культуры пройдзе пяты рэспубліканскі турнір па спартыўных бальных танцах “Кубак Маладзечна-2011”.
Дзмітры Аляксандравіч Ермакоў у сваёй кнізе “Танцы на балах і выпускных вечарах” піша: “У танцы чалавек атрымлівае магчымасць спазнаць дух свайго народа, адчуць пластыку свайго цела, найбольш дасканала выказаць свае пачуцці. Танец ва ўсе часы быў сродкам выражэння настрою і эмоцый у пластычна прыгожай і эстэтычнай форме. Усё, што людзі не маглі выказаць словамі, яны імкнуліся перадаць у танцы – так нарадзіліся рамантычны вальс, пачуццёвае і гарачае танга, запальнае ча-ча-ча... Свабода і лёгкасць, прыгажосць і пластычнасць танцавальных рухаў дастаўляюць радасць танцорам і захапляюць гледачоў.”
Першы турнір з вялікім поспехам адбыўся ў 2003 годзе на галоўнай пляцоўцы горада Маладзечна ў Палацы культуры. “Кубак Маладзечна” з’явіўся не сам па сабе,  а намаганнямі дырэктара нашай установы культуры Святланы Рыгораўны Сарока, былога кіраўніка студыі бальнага танца Дома культуры Чыгуначнікаў В.В. Цуранкова і Беларускай федэрацыі танцавальнага спорту.  Такія турніры вельмі важныя, таму што цікавасці да спартыўных бальных танцаў з кожным годам  становіцца ўсё больш і больш, танцы ніколі не губляюць сваю актуальнасць і прыгажосць. Дзякуючы такім конкурсам шмат людзей далучаецца да танцавальнага мастацтва.
Вось і сёлета пяты рэспубліканскі турнір па спартыўных бальных танцах запрашае да сябе як аматараў так і прафесіяналаў танцавальнага спорту. На сцэне Палаца культуры зноў будуць гучаць рамантычнае танга і гарачае румба, хуткі джайв і вясёлае самба, а венскі вальс адначасова закружыць юных і дарослых танцораў. Аляксандр Драгаміраў паведаміў, што ў гэтым годзе ўдзел прымуць каля 150 пар ад 5 да 33 гадоў, якія прыедуць з усёй Беларусі.
- Спаборнічаць будуць і дарослыя, і дзеці. Акрамя таго, сваё майстэрства пакажуць толькі пачынаючыя танцоры, якія займаюцца 1-2 гады і ўжо стаўшыя прафесіяналамі сваёй справы, - расказвае Аляксандр Валер’евіч. – Ацэньваць турнір запрошана кампетэнтнае журы – члены Беларускай федэрацыі танцавальнага спорту. Галоўным суддзёй абраная Ірына Парахневіч – суддзя вышэйшай міжнароднай катэгорыі. Журы будзе звяртаць увагу галоўным чынам на тэхніку выканання танца, пачуццё музыкі...
Удзел у турніры прыме і студыя бальнага танца “Каскад”. Прадставяць яе 35 пар. Удзельнікі студыі “Каскад” з’яўляюцца пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных турніраў па спартыўных бальных танцах. Выступленні калектыва заўсёды з радасцю сустракаюцца гледачамі, а іх выканаўцы не толькі дораць людзям асалоду сустрэчы з мастацтвам, але і набываюць сцэнічны вопыт, уласны імідж. На турніры, 20 сакавіка, маладзечанцы будуць выконваць еўрапейскую і лаціна-амерыканскую праграмы. Гледачам прадставяць танга, вальс, квік-стэп, самбу, румбу, джайв, ча-ча-ча.
Як кажа Аляксандр Драгаміраў, кожная група ўдзельнікаў павінна выканаць вызначаную колькасць танцаў. Для толькі пачынаючых 2-3 танцы, для старэйшых – 6,  а прафесіяналы танцуюць 8-10. У турніры будзе 15 груп і 15 намінацый (у кожнай па аднаму пераможцу). Фіналістаў узнагародзяць дыпломамі, медалямі і памятнымі падарункамі.
Дарэчы, своеасаблівым падарункам удзельнікам і гасцям пятага рэспубліканскага турніру па спартыўных бальных танцах стане выступленне чэмпіёнаў Рэспублікі Беларусь па спартыўных бальных танцах Ільі Парфіновіча і Вікторыі Палішчук.

 

Такія турніры, па меркаванню кіраўніка студыі бальных танцаў “Каскад” Палаца культуры Аляксандра Драгамірава, садзейнічаюць развіццю і папулярызацыі спартыўных бальных танцаў, павышаюць майстэрства ўдзельнікаў і, самае галоўнае, умацоўваюць здароўе.