Оставить отзыв:












З гісторыі фестываляў беларускай песні і паэзіі «Маладзечна»

   Як вядома, ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2020» перанесены на наступны год. У рэдакцыйным партфелі захавалася мноства фотаздымкаў, па якіх можна «павандраваць» па старонках фестывальнай гісторыі. Мы звязаліся і з самім Міхаілам Фінбергам.
   
    За дырыжорскім пультам маэстра!
   Заслужаны калектыў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай «Маладзечна». Маэстра заўсёды ахвотна гутарыць з журналістамі.
У тэлефоннай размове ён падкрэсліў, што даражыць літаральна кожным фестывалем. Разам з калектывам яму прыемна выступаць абсалютна на ўсіх яго святочных пляцоўках — і на сцэне Палаца культуры, і ў дзіцячай школе мастацтваў… Асабліва памятныя для маэстра праграмы, прысвечаныя творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і музыканта Ігара Паліводы.
 
...Для журналістаў «МГ» фестывальныя дні заўсёды асаблівыя. Мы стараемся як мага больш расказаць сваім чытачам пра самыя яркія падзеі, зазірнуць па той бок сцэны ды ўвогуле ўбачыць штосьці цікавае. Наш фестываль штораз прыцягвае ўвагу адметных асоб культуры, мастацтва. Яго сцэ-нічнымі пляцоўкамі ў розныя часы былі гарадскі стадыён, Цэнтральная плошча, Палац культуры, парк Перамогі, Летні амфітэатр, Мінскі абласны края-знаўчы музей, дзіцячая школа мастацтваў, Чысцінскі дом культуры… Мерапрыемствы ладзяцца літаральна на любы густ і ўзрост — канцэрты, конкурсы, спектаклі, выстаўкі.
   Увогуле фестываль – гэта своеасаблівае люстэрка адметных падзей у гісторыі нашай краіны. Самы інтрыгуючы яго момант — конкурс маладых выканацаў-эстраднікаў беларускай песні, які даў старт многім цяпер ужо знакамітым артыстам. У складзе журы неаднойчы працавалі выхадцы з Маладзечаншчыны, напрыклад, Алена Атрашкевіч, Алег Елісеенкаў, Дзмітрый Сушко. Нярэдка прадстаўнікі нашага раёна трапляюць у лік лепшых канкурсантаў. Сярод іх Алеся Кульша, Аляксандр Салаўёў, Артур Міхайлаў, Наталля Ламака.
   
   Прывітанне ад чалавека года ЗША
  Многія маладзечанцы памятаюць першы фестываль «Маладзечна-93», што праходзіў на працягу трох дзён. Галоўнай яго сцэнічнай пляцоўкай быў гарадскі стадыён. Цёпла віншаваў прысутных народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Прыязджаў і кампазітар Ігар Лучанок.
   З першым нацыянальным фестывалем вітаў беларусаў чалавек года Злучаных Штатаў Амерыкі (на жаль, у нашай газеце яго імя засталося інкогніта). Ён пажадаў адзначаць такія святы сотні гадоў. Заўважалася і тое, што эстраднае збудаванне для выступлення артыстаў «Маладзечна-93» «не горшае, чым… у Сопаце» (маецца на ўвазе знакаміты Міжнародны фестываль песні ў Польшчы). Шмат зацікаўленых слухачоў сабралі канцэрты народаў нашай рэспублікі і сучаснай беларускай песні. Выступалі госці з Расіі і Грузіі — удзельнікі папулярных міжнародных фестываляў «Юрмала» і «Ялта». У праграме «Джаз апоўначы» і канцэрце рок-гуртоў пераважала моладзь. Удала прайшла прэм’ера оперы-песні Ігара Паліводы на словы Янкі Купалы «Беларусчына». А пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў-эстраднікаў беларускай песні і паэзіі стала Алена Саўленайтэ. Гран-пры — тады гэта была «Залатая галінка папараці» — дасталася спявачцы разам з аўтамабілем ВАЗ-2109.
 
    Статус «нацыянальны»
   У 2001-м па рашэнні кіраўніка дзяржавы фестываль набыў статус нацыянальнага. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у адкрыцці музычнага форуму. На конкурсе маладых выканаўцаў галоўны прыз заваяваў Дзмітрый Качароўскі.
   Неадназначную ацэнку атрымала «Маладзечна-2003». Найперш з-за тэрміну яго правя-дзення: 20-21 чэрвеня, а «рэха…» прыпала на 22-га – дату, якая пазначана ў календары як Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Тым не менш фестывальная праграма атрымалася даволі насычанай і цікавай. Лейт-матывам была «мулявінская» тэматыка ў прамым і пераносным сэнсе. Першым уладаль-нікам прыза імя Уладзіміра Мулявіна (хрустальная гітара) стаў калектыў Дзяржаўнага канцэрт-нага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
  Асабліва значны для гісторыі нашага раёна фестываль-2007, што прайшоў пад знакам 125-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа і 100-годдзя з дня нараджэння народнага артыста СССР і Беларусі Іосіфа Жыновіча. Пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні тады стала маладзечанка Алеся Кульша.
    У 2009-м найлепшага выніку дасягнуў яшчэ адзін наш зямляк Аляксандр Салаўёў. Фестываль быў прымеркаваны да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопні-каў. Упершыню праграма прайшла за дзень.
У 2014-м лаўрэатамі ІІ ступені сталі адразу двое маладзечанцаў — Наталля Ламака і Артур Міхайлаў. Цікава, што і ў адборачным туры, і ў фінале Наталля выступала пад нумарам «13». І ўзнагароды разыгрывалі ў пятні-цу, 13-га. Як бачна, чортаў тузін прынёс дзяўчыне ўдачу. Свае ўспаміны пра гэты фестываль і ў Артура, які на працягу ўжо шасці гадоў працуе ў складзе вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры»:
— Менавіта «Маладзечна» адкрыла мне дарогу на Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску-2014». Мяне заўважыў Міхаіл Фінберг і даў асабістую рэкамендацыю. А пасля мяне заўважылі «Песняры» і падпісалі са мной кантракт. Дарэчы, грашовы прыз фестывалю «Маладзечна» патраціў на сваю першую сольную песню. 
   Пераможца і ўладальніца Гран-пры «Маладзечна-2013» магіляўчанка Валерыя Грыбусава сёлета павінна была прадстаўляць нашу краіну ў складзе праекта VAL на «Еўрабачанні» ў Нідэрландах (яго, як вядома, адмянілі). Прыз на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ўручае ёй тагачасны міністр культуры Барыс Святлоў.
 
    Вяселле, на якім гуляў увесь горад
   А ў 2017-м мы пазнаёміліся з маладажонамі Аляксандрам і Кацярынай Радзецкімі, вяселле якіх супала з першым фестывальным днём. Гэта, дарэчы, была пятніца, 2 чэрвеня. Як тады патлумачыла нявеста: «Дату мы не выбіралі спецыяльна. Мне падабаецца лічба «2», любімы дзень тыдня — пятніца. Але цяпер нам падаецца, што на нашым вяселлі гуляе ўвесь горад». Аляксандр і Кацярына запэўнілі, што іх вясельны фотаальбом абавязкова будзе адрознівацца ад іншых: у ім яны збіраліся змясціць здымкі з фестывальнай сімволікай і святочнымі персанажамі, якіх было многа на «Маладзечна-2017». Спадзяёмся, што гэта задума атрымалася, будзем рады, калі маладажоны адгукнуцца.
 
   З кім давядзецца пазнаёміцца на 20-м, юбілейным фестывалі і якім ён наогул будзе — даведаемся ў наступным годзе...
 
 
          По материалам: mgazeta.by