Оставить отзыв:












Авацыя №5 (61) 26 жніўня 2011 года

ФЕСТЫВАЛЬ БЫЎ! ФЕСТЫВАЛЬ ЁСЦЬ! ФЕСТЫВАЛЬ БУДЗЕ!

 

ХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі вітае гасцей і ўдзельнікаў свята!

 

         Адметнай асаблівасцю Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі з’яўляецца папулярызацыя беларускай музычнай спадчыны. У праграме фэсту творчыя вечары класікаў беларускай паэзіі і вядомых кампазітараў, конкурсы маладых выканаўцаў эстраднага жанру, а таксама канцэрты камернай і джазавай музыкі ў выкананні беларускіх калектываў. Галоўная асаблівасць фестывалю складаецца ў шырокім прадстаўленні беларускага музычнага мастацтва, беларускага слова і культуры. Арганізатарамі свята з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі аблвыканкам, Маладзечанскі райвыканкам, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія.

         Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі – традыцыйнае і дастаткова значнае мерапрыемства не толькі для Маладзечна, але і для ўсёй краіны. Праходзіць яно ад 1993 году, таму прапаную вам, паважаныя чытачы, невялікі экскурс у гісторыю станаўлення і развіцця гэтага цудоўнага фэсту. А ўсё пачыналася так...

 

МАЛАДЗЕЧНА-93

         ...Актыўна і мэтанакіравана вялася работа па падрыхтоўцы да Першага рэспубліканскага фестывалю песні і паэзіі, які ўпершыню праходзіў у Маладзечне ў 1993 годзе. Менавіта гэты фестываль і стаў стартавай пляцоўкай на шляху новай добрай традыцыі.

         Вядома, што і кіраўніцтва горада, ды, бадай, і самі жыхары вельмі хваляваліся, бо раней мерапрыемстваў такога маштабу ў нас не было. Але трэба сказаць, што гэтыя хваляванні былі дарэмнымі: усё выглядала шыкоўна з першай да апошняй хвіліны свята. Асноўнае дзейства разгарнулася на гарадскім стадыёне.

Маладзечанцы падарылі сабе і свету сапраўдны фэст, cапраўднае агульнанароднае музычнае свята. І  не толькі музычнае. Усе фестывальныя дні на пляцоўках кіпела і пералівалася творчасць. Маладзечанцы і госці горада ў поўнай меры атрымалі  “і хлеб, і відовішча”. Прафесійныя мастакі, народныя ўмельцы, юныя майстры разгарнулі на асфальце сапраўдны вернісаж работ.  А на імправізаванай сцэне ля магазіна “Юбілейны” выконвалі то захапляючыя народныя танцы і песні, то задуменныя балады. І людзі дзякавалі артыстам  гучнымі апладысментамі. Тут жа можна было паспрабаваць усяго,  што душа жадала – толькі б вытрымала кішэня. Але трэба адзначыць, што музычным стрыжнем фестывалю, яго душой быў  Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які суправаджаў усе выступленні артыстаў.

Маладзечна паказваюць па тэлебачанні, пра фэст пішуць рэспубліканскія газеты і часопісы. У горад прыехала шмат знакамітых  людзей, зорак расійскай эстрады. У нас у гасцях былі Марына Хлебнікава, Марына Цхай, Фёдар Брадаржынскі. Нашу краіну з гонарам прадстаўлялі Віктар Вуячыч, Вадзім Касенка, Аляксандр Саладуха, Ліка Ялінская, Іна Афанасьева, “Сябры”, “Верасы”, “Ражство”. Былі і тыя маладыя выканаўцы, каму пашчасціла заявіць пра сябе на ўсю Беларусь – Іна Галімава, Алена Дзіва, Аксана Пятрова, Андрэй Дэбыш, Анжаліка Ют, Марыя Зіміна і інш.

Фестывальныя дні запомніліся маладзечанцам не толькі яркім феерверкам ды  дажджом з руж і гваздзікоў, які праліўся на трыбуны, поўныя гледачоў. Падчас свята прайшлі два туры конкурсу маладых выканаўцаў нацыянальнай эстраднай песні, дзе вызначылася пераможца – Алена Сауленайтэ, якая атрымала галоўны прыз – ВАЗ 2109 разам з пераходным прызам “Залатая галінка папараці”. Акрамя таго, былі канцэрты песні народаў рэспублікі, рок-гуртоў, сучаснай беларускай песні, “Джаз апоўначы”. Прайшлі сустрэчы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў з маладзечанцамі і гасцямі горада.

На Першым рэспубліканскім фестывалі беларускай песні і паэзіі адзін з беларускіх пісьменнікаў сказаў: “Я шчыра веру, што сёння мы прысутнічаем на свяце будучай вялікай славы Маладзечна...” Так яно і стала – горад Маладзечна вядомы як культурная сталіца Мішчыны.

 

МАЛАДЗЕЧНА-94

У наступным годзе прайшоў ІІ рэспубліканскі фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-94”. На свята прыехалі Юрый Антонаў, “Сябры”, Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Аляксандр Саладуха. Фестывальнае дзеянне разгарнулася на гарадскім стадыёне і розных сцэнічных пляцоўках горада.

Праходзілі шматлікія канцэртныя праграмы, конкурсы. Пераможцай конкурсу маладых выканаўцаў і ўладальніцай новенькай “Лады” стала сямнаццацігадовая магіляўчанка Наталля Кудрына. Першае месца  падзялілі Наталля Тамела і Леанід Вайтовіч, другое – віцябчанкі Алена Літоўка, Ларыса Грыбалёва, Таццяна Воранава. Трэццяе месца занялі Ірына Дарафеева і Таццяна Каліна. Лаўрэаты і дыпламанты конкурсу атрымалі ў якасці падарункаў тэлевізары, відэамагнітафоны.

Зноў быў натоўп народу, у горад прыехала шмат журналістаў, песні са стадыёна разносілісь па ўсяму гораду. Запамінальным было выступленне госці фэсту – народнай артысткі Расіі і Грузіі Тамары Гвердцытэлі. Спявачка скарыла сваім талентам і чароўным голасам не толькі моцную палову насельнітва, але і жанчын.

 

МАЛАЗЕЧНА-95

Фестываль праходзіў у Мінску. Зорка, якая ў той час загарэлася на небасхіле эстрады неяк хутка і пагасла. Перамогу ў конкурсе заваяваў Ален. Хлопец з Наваполацка яшчэ нейкі час імкнуўся замацавацца ў музычнай тусоўцы, але штосьці не атрымалася. Пра гэты фестываль, які па нейкіх прычынах на год пераехаў у сталіцу, амаль нічога не ведаем, ды ён не вельмі і афішыраваўся...

 

МАЛАДЗЕЧНА-96

         У гэты раз свята разгарнулася на Цэнтральнай плошчы горада Маладзечна. Фестывальны карагод распачаў Нацынальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча. Выступалі пераможцы мінулых святаў песні і паэзіі: Наталля Тамела, Ларыса Грыбалёва, Алег Бляхарчук, Анжаліка Ют, Наталля Кудрына...

         Паэтычныя сустрэчы праходзілі ў гарадскім парку. У Маладзечна прыехалі Леанід Дранько-Майсюк, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак. Падчас заключнага канцэрту прайшлі бенефіс Уладзіміра Някляева, тэматычны канцэрт “Ігар Лучанок і класічная беларуская паэзія”. Шмат народу сабралі канцэрты беларускай поп- і рок-музыкі. Упершыню на маладзечанскім фестывалі выступалі “Песняры”.

          У рамках свята ў Маладзечанскім музычным вучылішчы імя М.К. Агінскага адкрылася “музычнае падвор’е “Новыя Агінты” – адкрытая сцэнічная пляцоўка, на якой можна будзе праводзіць канцэрты класічнай музыкі.

          А на завяршэнне свята пайшоў дождж. Ён не стаў перашкодай для прысутных – глядацкая зала пад адкрытым небам не апусцела, нягледзячы на тое, што народ прамок. Здавалася ўражанне, што неба, якое пралівала кроплі дажджу, быццам бы сумавала разам з маладзечанцамі аб тым, што свята заканчваецца, а наступны фэст будзе ажно праз два гады...

 

МАЛАДЗЕЧНА-98

         Маладзечна сустрэла гасцей і  ўдзельнікаў свята пахмурным надвор’ем.  На V Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі таксама пайшоў дождж. Але нават дакучлівы акампанемент дажджу, які суправаджаў усе тры фестывальныя дні не спалохаў публіку. Тры дні глядзельная зала  на Цэнтральнай плошчы была цалкам запоўненая.

 

         Праграма кожнага фестывальнага дня інтрыгавала сваёй задумай. Але галоўная інтрыга – адкрыццё новых зорак беларускай эстрады. У першы дзень прайшоў конкурс маладых выканаўцаў. Многія ўдзельнікі конкурсу былі вядомымі па розных песенных святах: “Зорная ростань”, “Усе мы родам з дзяцінства”, “Тэлебом”. Лідэры конкурсу вызначыліся адразу. Гран-пры атрымала салістка ансамбля “Верасы” і Дзяржаўнага маладзёжнага тэатра эстрады, вучаніца Васіля Раінчыка Вікторыя Алешка. Яна адразу звярнула на сябе ўвагу моцным прыгожым голасам з багата афарбаваным тэмбрам. А першае месца па выніках конкурсу заняў Аляксандр Звяровіч. Запомніліся ўдалыя выступленны Антона Ажыпы і Ірыны Сапяжынскай. Усе лаўрэаты  конкурсу атрымалі каштоўныя падарункі.   

         Другі дзень вызначыўся адметнасцю, якая хвалявала ўяўленне сваёй задумай. На адной сцэне, у адным канцэрце сышліся Нацынальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча і вядомыя беларускія рок-гурты: “Тарнада”, “Крыві”, “Палац”, “Крама” і шмат іншых.

         Трэба сказаць, што увесь фестываль прайшоў пад дэвізам “жывы гук”. Артыстам, якія выступалі перад гледачамі акампаніраваў Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам М.Я. Фінберга.

 

МАЛАДЗЕЧНА-2001

         Да гэтага фэсту горад рыхтаваўся па-асабліваму. У Маладзечна збіраўся Прэзідэнт. 8 чэрвеня на VI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі прыехаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Той факт, што фестываль аб’яднаў беларускую песню і паэзію ў адзінае цэлае, што ён набірае сілу і папулярнасць, знаходзіць водгук у сэрцах беларусаў і сяброў краіны, адзначыў і Прэзідэнт. Калі чалавек спявае, калі прыцягвае яго паэтычнае слова, сказаў ён, значыць ён багаты і чысты душой, адкрыты прыгажосці і стварэнню. А калі свята песні і паэзіі збірае мноства ўдзельнікаў і паклоннікаў – гэта прыкмета добрага настрою і міру ў грамадстве, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

 

         Гэты фестываль – для простых людзей, ён прыцягвае не толькі тытулаваных творцаў, але і беларускую моладзь, дае магчымасць раскрыць яе таленты, сказаў Аляксандр Лукашэнка.  

Да такога ўрачыстага мерапрыемства шмат было зроблена і па добраўпарадкаванні горада, і па мастацкаму афармленню плошчы і праспекта. Працаваў “горад майстроў”, быў арганізаваны выяздны гандль. Разам з Дзяржаўным канцэртным аркестрам Рэспублікі Беларусь выступалі вядомыя калектывы. Сярод іх былі Нацынальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны Міхаіла Дрынеўскага, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла        імя Рыгора Шырмы, мастацкі кіраўнік якой народная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Ялфімава, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча і яго мастацкі кіраўнік народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, ансамбль “Бяседа”, створаны народным артыстам Беларусі Леанідам Захлеўным, а таксама народныя артысты СССР Ігар Лучанок і Уладзімір Мулявін, народныя артысты Беларусті Анатоль Ярмоленка, Валерый Іваноў, Васіль Раінчык.

Тры дні на вуліцах, плошчах, у парку гучала беларускае слова – вершаванае і пакладзенае на музыку. У рамках гэтага фэсту адбыліся сустрэчы з Вольгай Іпатавай, Навумам Гальпяровічам, Міколам Шабовічам, Алесем Пісьмянковым, Леанідам Дранько-Майсюком. Паэты чыталі вершы, адказвалі на шматлікія пытанні гараджан.

Галоўнай інтрыгай свята былі “Жыгулі”, якія тры дні прастаялі побач з эстрадай, размешчанай на Цэнтральнай плошчы. І ў чарговы раз у Маладзечне загарэлася новая зорачка беларускай эстрады. Па выніках конкурсу маладых выканаўцаў перамогу атрымаў Дзмітрый Качароўскі, якому і дасталіся ключы ад аўтамабіля.

 

МАЛАДЗЕЧНА-2003

         У чарговы раз фестываль у Маладзечне праходзіў пад даджом. Дрэннае надвор’е стала ўжо нейкай традыцыяй, якая апошнімі гадамі суправаджае мерапрыемства. Але маладзечанцы ўжо прывыклі да “нябесных слёз” у фестывальныя дні. Таму галоўная плошча горада была запоўненая людзьмі, якія прыладжваліся дзе толькі маглі, каб хоць краем вока паглядзець на тое, што адбываецца на сцэне.

         А са сцэны ўрачыста павітаў маладзечанцаў Леанід Гуляка (у той час быў міністрам культуры Беларусі). Ён выканаў даручэнне Прэзідэнта, зачытаўшы яго прывітальныя словы ў адрас гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Але Леаніду Гуляку давялося выканаць яшчэ адну пачэсную місію. У 2001 годзе Міністэрства культуры заснавала прыз імя Уладзіміра Мулявіна за папулярызацыю беларускай песні. І ўпершыню ён быў уручаны на адкрыцці Нацыянальнага фестывалю ў Маладзечне. “Крышталёвую гітару” атрымаў не хтосьці адзін, а цэлы калектыў – Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі.

         Гісторыя беларускіх песень на фестывалі ў Маладзечне перасягнула дзесяцігадовую мяжу. Так, менавіта дзесяць гадоў таму горад ускалыхнуўся – і амаль увесь пайшоў на стадыён, дзе тады адбываліся канцэрты, конкурсы. У 2001 годзе традыцыйны конкурс маладых выканаўцаў прайшоў не ў Маладзечне, як заўсёды, а ў Мінску яшчэ ў красавіку. Пераможцамі сталі: першае месца заняў саліст Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Уладзімір Аўчароў, а другое раздзялілі Максім Сапацькоў і Руслан Аляхно.

Канешне дождж зрабіў сваю справу. Не адбыліся сустрэчы паэтаў на розных адкрытых пляцоўках горада, быў адменены цэлы начны канцэрт “Тройцы”.

 

МАЛАДЗЕЧНА-2005

         Восьмы раз горад адчуў сваю адметнасць, выбранасць, і, нават, нейкую гістарычную місію. Аб тым, што было выдатнага за ўсе восем фестываляў беларускай песні і паэзіі найлепш ведае Міхаіл Фінберг. За вялікі ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва, папулярызацыю музыкі беларускіх аўтараў  і развіццё фестывальнага руху ў малых гарадах яму была ўручана ўзнагарода імя Уладзіміра Мулявіна.

         Падчас VІІІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне было паказана сем праграм. У рамках гэтага фэсту адбылося шмат музычных сустрэч. Выступалі   Нацынальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, камерныя калектывы Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі, аркестр народных інструментаў Цэнтра культуры і мастацтваў Магілёўскай вобласці і інш. Увечары на свой аўтарскі канцэрт “Маладзечна – мой дом” запрасіў вядомы беларускі спявак і кампазітар Алег Елісеенкаў.

Цікавай атрымаўся і паэтычны бок мерапрыемства. У Маладзечна прыехалі вядомыя беларускія паэты – Раіса Баравікова, Віктар Шніп, Алесь Бадак, Мікалай Шабовіч, Навум Гальпяровіч... На канцэртнай праграме, прысвечанай Уладзіміру Карткевічу яны чыталі яго вершы, на гардскіх пляцоўках знаёмілі гараджан са сваёй творчасцю.

Завершыўся фестываль канцэртнай праграмай Белтэлерадыёкампаніі “Беларуская калекцыя” з удзелам ансамбляў “Песняры”, “Сябры”, Аляксандра Ціхановіча і Ядзвігі Паплаўскай, Уладзіміра Ухцінскага, Іны Афанасьевай, Алесі і іншых.

 

МАЛАДЗЕЧНА-2007

         Традыцыйны Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне застаўся верным сабе ва ўсім: у добрым настроі гараджан і гасцей горада, адкрыцці новых імён маладых выканаўцаў, шыкоўнай музыцы ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам М.Я. Фінберга, а таксама... дажджлівым надвор’і.

Два па-сапраўднаму святочныя дні праляцелі імгненна. Намаганні арганізатараў мерапрыемства былі недарэмнымі – адкрытых канцэртных пляцовак было шмат. Свой талент і майстрэрства тут дарылі беларускія паэты і кампазітары, выступалі розныя творчыя калектывы. Музыка і песні, гучныя апладысменты і ўзнёслыя воклічы “брава!” былі чутны яшчэ здалёк.

У першы фестывальны дзень гледачам былі прадстаўленыя дзве канцэртныя праграмы, прысвечаныя творчасці беларускіх класікаў – Янкі Купалы і Якуба Коласа – “...Мне засталася спадчына” і “Мой родны кут, як ты мне мілы”. Уся атмасфера канцэрта была прасякнута духам творчасці, нацыянальнай свядомасці і вялікай гордасці за нашу багатую талентамі зямлю.

 

Галоўнай падзеяй канцэртнага закрыцця ІХ нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі стала ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў Беларускага нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, які прайшоў у нашым горадзе ў красавіку. Уладальніцай Гран-пры конкурсу стала маладзечанка Алеся Кульша. Першае месца заняла Настасся Пагаржэльская з Бабруйска, другое – Ірына Вярковіч з Фаніполя,  а трэццяе – гамяльчанін Павел Перавошчыкаў. Перамогі канкурсантаў – гэта сапраўдны шанец для далейшага іх творчага станаўлення. 

Нельга не адзначыць і кірмаш, які разгарнуўся ў гэтыя дні. Тут можна было набыць тавары на любы густ – пачынаючы ад дзіцячых цацак да адзення. Мастакі прапаноўвалі намаляваць партрэт альбо шарж. Працаваў цір, можна было пакатацца на поні, паласавацца рознай смакатой, якая прадавалася ў гандлёвых кропках.

 

МАЛАДЗЕЧНА-2009

         Дзясяты, юбілейны фестываль беларускай песні і паэзіі прайшоў у Маладзечне 13 чэрвеня 2009 года. Асаблівасцю было тое, што ён доўжыўся ўсяго толькі адзін дзень. Да слова, ІХ фестываль працягваўся два дні,  а VIII – тры.

         Мерапрыемства было прымеркаванае Году роднай зямлі і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як заўсёды фэст стаў сапраўдным святам для ўсіх аматараў беларускага слова ва ўсіх яго праявах. Праводзіліся выступленні творчых калектываў як нашага горада і раёна, так і іншых куткоў рэспублікі, творчыя сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, выставы-продажы і іншыя цікавыя мерапрыемствы, якія з лёгкасцю прыцягвалі ўвагу. І нават ужо традыцыйны для фестываля дождж не стаў перашкодай для стварэння святочнага настрою.

         На галоўнай пляцоўцы фэсту праходзіла канцэртная праграма “На свята запрашаем” Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі Белджяржфілармоніі “Свята”. Ля крамы “Юбілейны” для маладзечанцаў на імправізаванай пляцоўцы выступалі калектывы аматарскай творчасці, працаваў кірмаш, дзе можна было набыць сувеніры для сябе і родных. А завяршыўся чэрвеньскі фэст вялікім гала-канцэртам “Зямля – мая песня” з удзелам зорак беларускай эстрады, вядучых творчых калектываў краіны і пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў, узнагароджванне якіх праходзіла падчас гала-канцэтру. Гран-пры, як і прыз глядацкіх сімпатый, атрымаў маладзечанец Аляксандр Салаўёў, першае месца было прысуджана Ульяне Шэлаг з Магілёўскай вобласці, другое – Маргарыце Халатавай таксама з Магілёўскай вобласці,  а трэццяе атрымаў Дзяніс Вяршэнскі з Гомельскай вобласці.

         Фестываль “Маладзечна-2009” быў названы адным з пяці найбуйнейшых фестываляў Беларусі, разам са “Славянскім базарам”, кінафестывалям “Лістапад”, фестывалям-кірмашом працаўнікоў вёскі “Дажынкі” і Рэспубліканскім фестывалям нацыянальных культур у Гродна.

 

P.S. Сярод адметных асаблівасцяў гэтага свята, тое, што тут выконваецца выключна “жывая” музыка і адкрываюцца новыя імёны, якія становяцца больш ці менш вядомымі. Галоўная мэта фэсту – зберагчы традыцыі і перадаць іх маладому пакаленню. Маладзечанскі фестываль паказвае прыклад павагі да беларускай мовы, бо ўсе песні, вершы, словы тут гучаць толькі па-беларуску. І не сакрэт, што калі прыклад паказваюць любімыя артысты, аўтарытэтныя асобы, то і простыя людзі падтрымліваюць іх.

 

 

Падрыхтавала Надзея СТАНКЕВІЧ.

У падрыхтоўца артыкула былі выкарыстаныя матэрыялы з фондаў Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Багдановіча і Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

 

Што для вас фестываль і якім вы яго бачыце?

 

Надзея Сідарэнка, мастацкі кіраўнік і рэжысёр тэатра мініяцюр “Брава!” МЭС, экс-загадчыца аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама ў 1985-2005гг.:   

 

- У 1993 годзе па ініцыятыве Генадзя Дзмітрыевіча Карпенкі, былога старшыні гарвыканкама, быў створаны гэты фестываль. Яму вельмі хацелася бачыць у Маладзечне людзей, звязаных з мастацтвам. Прычым не толькі зорак беларускай эстрады, але і пачынаючых творцаў. Першы фестываль – гэта новы ўзровень у жыцці горада. Свята было цікавым і невядомым напэўна для кожнага. Я заўсёды ўспамінаю “Маладзечна-93”. Перад адкрыццём свята, да якога застаецца дзесьці паўтары гадзіны, да мяне падыходзіць Генадзь Дзмітрыевіч і кажа, каб роўна ў 21:30 (час адкрыцця фэсту) над стадыёнам праляцеў верталёт і высыпаў 1500 гваздзікоў і 50 руж. У мяне шок. Але на шчасце да патрэбнай гадзіны паручэнне старшыні выканала. І вось гучаць фанфары, пачынаецца адкрыццё фестывалю і... з неба падаюць кветкі. Усё было настолькі хвалююча, урачыста і вельмі цікава. Канешне, ёсць розніца паміж сённяшнім святам і мінулым. У той час на фэст запрашаліся замежныя госці. У Маладзечне выступалі Тамара Гвердцытэлі, Юрый Антонаў, Таісія Павалій і інш. І тады і цяпер праходзілі і праходзяць сустрэчы з беларускімі паэтамі. Я ў захапленні ад творчасці Генадзя Бураўкіна, вельмі падабаецца Леанід Дранько-Майсюк. Захапляюся творамі Навума Гальпяровіча. Сачу за яго публікацыямі. Мяне ўражвае патрыятызм паэтаў і жаданне быць патрэбнымі. Беларуская паэзія развіваецца, але людзі мала маюць зносін з творцамі роднага слова. Мне вельмі хацелася б, каб народ больш далучаўся да мастацтва. Радуе, што змяніліся горад і парк адпачынку, усё стала прыгожым і захапляльным.

 

Аляксандр Савін, будаўнік:

 

- Фестываль – гэта своеасаблівае свята. У першую чаргу свята для гараджан. Я лічу, што фестываль не проста патрэбны,  а неабхоны. Ён спрыяе развіццю нашага цудоўнага горада, прыдае Маладзечну нейкі асаблівы статус. У гэтыя святочныя дні Маладзечна нібы па-сапраўднаму маладзее, квітнее, зіхаціць рознакаляровымі фарбамі. Сюды з’язджаюцца ўсе зоркі беларускай эстрады, жыхары і госці горада адпачываюць душой і целам. У фестывальныя дні можна палюбавацца творчасцю народных умельцаў, зазірнуць на канцэрты самадзейных артыстаў. Вельмі падабаецца, што на гэтым мерапрыемстве заўсёды працуюць розныя гандлёвыя кропкі, дзе можна падсілкавацца шашлычком, паспрабаваць салодкай ваты, набыць усялякія сувеніры для сябе і блізкіх. Адно шкада, фестываль праходзіць вельмі рэдка, было бы добра, каб такое свята праводзілі кожны год.

 

Вольга Вечар, метадыст:

 

- Лета – гэта тая пара года, калі асабліва востра адчуваецца недахоп свята, весялосці, натхнёнага і пазітыўнага настрою. А фестываль беларускай песні і паэзіі рэалізуе адну з важнейшых мэт нашага жыцця – зрабіць людзей шчаслівымі, хоць на некалькі дзён. І гэта неверагодна важна. Акрамя таго, у нашай краіне столькі таленавітай моладзі і так добра, што менавіта гэты фестываль дае магчымасць адкрыць новыя імёны, раскрыць іх талент і запаліць яшчэ некалькі зорачак на небасхіле беларускай эстрады. Нацыянальны фестываль беларускай песні  паэзіі “Маладзечна” – гэта цудоўная традыцыя, якую трэба захоўваць, прымнажаць і перадаваць новаму пакаленню.

 

Ларыса Берташ, бібліятэкар залы замежнай літаратуры:

 

-  Каб не мерапрыемства, то наш горад застыў бы. А так, дзякуючы Нацыянальнаму фестываль беларускай песні і паэзіі, у Маладзечне развіваецца культурная дзейнасць. Асабіста я на фэсты працую, таму пабываць на канцэртах мне не ўдаецца. У мінулы раз таксама была на працы. У нашай Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча праходзіцла сустрэча з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі. Мне асабліва запомніўся самы першы фестываль, які праходзіў у 1993 годзе на гарадскім стадыёне. Тады столькі вядомых расійскіх выканаўцаў прыехала да нас! А яшчэ памятаю, як сыпаліся кветкі. Нават мне папала кветачка з неба! Вось гэта было сапраўднае свята! А на наступны год, у 1994, на вуліцы мы сустрэліся з Тамарай Гвердцытэлі! Уяўляеце? Мы нават не паверылі сваім вачам!Добра было бы, каб і цяпер на фэст прыехалі якія-небудзь вядомыя выканаўцы расійскай эстрады.

 

Марыя Лапцік, работнік музея:

 

- Фестываль – гэта штосьці асаблівае. Але раней было намнога цікавей, чым цяпер. Памятаю фэсты 1993, 1994, 1996 гадоў. Вось там было сапраўднае феерычнае мерапрыемства. Усё так па-святочнаму, урачыста, здавалася, што нават і ў паветры панаваў дух свята. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што гэта такое, бо ў нас ніколі не праводзіліся фэсты такога маштабу, таму людзі былі ў чаканні чагосьці незвычайнага. Ва ўсіх быў добры настрой. Я і цяпер памятаю выступленні такіх калектываў, як “Бяседа” і “Сябры”. Уразілі песні і Якава Навуменкі. Калі казаць пра сучаснае фестываль, то асабіста мне хацелась бы бачыць на сцэне болей гасцей не толькі з Рэспублікі Беларусь, але і з краін СНД. У фестываль трэба ўнесці штосьці новае, не падобнае на ўсе папярэднія фэсты.

 

Вольга Шмідт, журналіст:

 

- Асабіста для мяне свята. Гэта па-першае. Свята, на якім можна адпачыць, атрымаць масу станоўчых эмоцый, пабываць на розных канцэртных пляцоўках. А па-другое – гэта карпатлівая праца, прычым не толькі для мяне, але і для кіраўніцтва горада. Не часта ў нас праходзяць фэсты такога ўзроўню. Таму і рыхтавацца да яго трэба неяк па-асабліваму. Неабходна прадумаць кожную дэталь, прадугледзець усе магчымыя і немагчымыя нюансы, паклапаціцца аб размяшчэнн  гасцей і шмат-шмат іншага. Мне вельмі падабаюцца мерапрыемтвы такога характару. Я люблю беларускую мову, беларускія песні і іх выканаўцаў. Але асабліва мяне ўражвае родная беларуская літаратура. Мне настолькі падабаюцца творы нашых пісьменнікаў, што я гатова чытаць іх без перапынку. А калі казаць увогуле, то я такія мерапрыемствы паважаю, і вельмі шаную здабыткамі беларускай паэзіі і прозы. Хацелася б, каб наш народ больш далучаўся да роднай мовы, захоўваў традыцыі нашай спадчыны.

Падрыхтавала Надзея СТАНКЕВІЧ.

 

 

 

 

 

У прыгожым куточку беларускай зямліцы,

Каля ціхай ракі, што ўдалеч бяжыць,

Там, дзе творчасці вечна бруяцца крыніцы,

Горад Сонца і сімвал мастацтва стаіць.

 

Беларусам усім яго назва вядома,

Гэта край, дзе гасцей сустракаюць сардэчна,

Дзе звініць смех дзіцячы ля кожнага дома,

Недарэмна ж яго нараклі Маладзечна.

 

Шмат вякоў тут народныя песні гучаць,

Маладзечанцы з верай жывуць у мастацтва.

Набліжаецца час зноў сяброў нам вітаць,

Што збярэ фестываль – спадарожнік юнацтва.

 

Фестываль беларускай         паэзіі, песні –

Гэта гонар вялікі наш, наша надзея.

У жніво ў Маладзечне ён зноў уваскрэсне,

Кожны раз у гэты час горад наш маладзее!

 

Марына Юхневіч