Творчая сустрэча з аўтарскай групай праекта “НАПЕРАД У МIНУЛАЕ” з нагоды 10-годдзя праекта ХХI Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “МАЛАДЗЕЧНА – 2022”

11.06.2022

Тэлеканал Беларусь-3 запрашае на творчую сустрэчу з аўтарскай групай праекта “Наперад у мінулае” з нагоды 10-годдзя ПРАЕКТА, якая адбудзецца у зале ўрачыстасцяў Палаца культуры г. Маладзечна.
Упершыню тэлепраект выйшаў у эфір на Каляды, 7 студзеня 2012 года. За час існавання праекта творчая група ў кампаніі з беларускімі зоркамі эстрады праехала ўсю краіну. Па ўмовах праекта, носьбіты аўтэнтычнай культуры выконваюць шэраг песень – народных кампазіцый. А напрыканцы кожнай праграмы ўвазе гледачоў прадстаўляецца новая версія народнай песні ў сучаснай аранжыроўцы, якую выконваюць вядомыя беларускія артысты. Новая апрацоўка старажытнай песні надае другое жыццё фальклорнай спадчыне, папулярызуючы яе сярод моладзі.
Больш за 250 гуртоў і выканаўцаў – ад пачынаючых да заслужаных і народных – прынялі ўдзел у “музычным адраджэнні”.
Сёлета убачыць свет 500-я народная песня ў сучаснай апрацоўцы.
Таксама госці фестывальнага Маладзечна змогуць наведаць выставу фотаздымкаў аўтараў праекта “Жывая спадчына”. Работы зроблены падчас здымак праграмы аб унікальных звычаях, што ўвайшлі у спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.
Ствараючы жывую відэаэнцыклапедыю, творчая каманда “Беларусь 3” ужо праехала дзясяткі тысяч кіламетраў па нашай краіне, наведала сотні вёсак і гарадоў, запісала безліч інтэрв’ю з носьбітамі і захавальнікамі народных традыцый.
Пачатак мерапрыемства ў 14.00