І ствараюць выкладчыкі палотны
15.05.2025Выстава «Сусвет творчасці» 14 мая адкрылася ў Палацы культуры г. Маладзечна. Тут прадстаўлены творчыя работы выкладчыкаў цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.
Выстава прысвячаецца 30-годдзю гэтай цыклавой камісіі. Гледачы могуць натхніцца творамі ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, выцінанка, аплікацыя саломкай. Таксама ёсць фотаздымкі, якія, як і іншыя палотны, перадаюць тонкую эстэтыку і глыбіню мастацкага бачання свету. Работы такія розныя па стылі, манеры, творчых кірунках, але ўсіх аўтараў аб’ядноўвае адно – бязмежная любоў да сваёй справы, імкненне захаваць культурную спадчыну і перадаць веды падрастаючаму пакаленню.
На ўрачыстым адкрыцці ўзгадалі гісторыю стварэння цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» і педагогаў, якія былі ля вытокаў, сённяшніх выкладчыкаў (а сярод іх нямала выпускнікоў Маладзечанскага музычнага каледжа). Вікторыя Чырвонцава, Людміла Валковіч-Борыс, Наталля Вальковіч, Андрэй Гамолка, Дзмітрый Сакалоўскі, Наталля Чырвонцава, Лізавета Чырвонцава… Гэта спецыялісты высокага класу, дзякуючы якім жыве цыклавая камісія «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Многія педагогі, выпускнікі выступілі з прывітальнымі словамі, падзяліліся ўспамінамі. Прагучалі шматлікія віншаванні з нагоды 30-годдзя і адкрыцця выставы «Сусвет творчасці». Для прысутных мерапрыемства стала сапраўдным падарожжам у краіну мастацтва.
Выстава ў Палацы культуры г. Маладзечна прадоўжыцца да 4 чэрвеня.
Уваход свабодны.
Ірына РАБУШКА.
Фота Яўгенія СТЭЛЬМАХА.