Заставацца чалавекам
12.06.2025З аншлагам 11 чэрвеня прайшоў у рамках XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “МАЛАДЗЕЧНА-2025” легендарны спектакль “Вечар” Аляксея Дударава.
Аляксей Ануфрыевіч – савецкі і беларускі драматург, сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, імя якога залатымі літарамі ўвайшло ў культурную спадчыну. Пастаноўка прысвячалася яго 75-годдзю са Дня нараджэння.
Творчай пляцоўкай стала вялікая сцэна Палаца культуры г. Маладзечна. Публіка з інтарэсам глядзела спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, суперажывала героям і разам з імі філасофствавала пра быццё і пра тое, як да апошняй хвіліны свайго жыцця заставацца чалавекам.
Рэжысёр-пастаноўшчык гэтага рэквіема ў адной дзеі – Валерый Раеўскі, мастак-пастаноўшчык – Барыс Герлаван, кампазітар – Андрэй Зубрыч.
У спектаклі былі задзейнічаны народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў, артыст Аляксандр Гусеў. Пра ўзрост жанчыны гаварыць не прынята, але немагчыма не заўважыць, што Зінаідзе Пятроўне – 86. Як сапраўдны прафесінал яна пражывала на сцэне кожнае слова, кожны момант.
Зрэшты, усе акцёры заслужылі авацыі публікі. Гледачы натхніліся высокім мастацтвам, выдатным гучаннем сакавітай беларускай мовы і шчыра апладзіравалі купалаўцам за выдатную ігру.
Ірына РАБУШКА.
Фота Яўгенія СТЭЛЬМАХА.