Добрыя людзі, з Купаллем!

07.07.2025

Яркімі фарбамі адлюстроўваўся ў гладзі азёраў “Купальскі фэст”: раённае народнае прайшло ў парку культуры і адпачынку імя Перамогі нашага горада.

Па традыцыі, шостага ліпеня дзеўкі ды хлопцы шукалі чароўную папараць-кветку, варажылі, вадзілі карагоды і... верылі ў цуды. Зрэшты, няўрымслівы і крэатыўны аддзел аматарскай творчасці Палаца культуры г. Маладзечна падрыхтаваў праграму, заснаваную на беларускіх звычаях і абрадах, якая захапіла і дзяцей, і дарослых. Сцэнарыст-рэжысёр з вялікім досведам – Марына Юхневіч.

Самых актыўных удзельнікаў гульняў ды конкурсаў заахвоцілі прызамі. І, безумоўна, усе атрымалі цудоўны настрой, адчуўшы ачышчальны моц купальскага агню.

Персанажаў свята трапна ўвасобілі прадстаўнікі нашай установы Ганна Рухадзэ, Надзея Бушыла, Анастасія Сівуха, Максім Цярзян, Дар’я Гоман. А Павел Данілаў і Ірына Судніковіч сыгралі Купаліша і Купалінку. “З Купаллем вас, добрыя людзі!” – віншавалі ўсе яны прысутных.

Атмасферу магіі ствараў і ўзорны харэаграфічны ансамбль Палаца культуры “Сонечныя праменьчыкі”. Авацыямі віталі запрошаны нородны калектыў “Вілея казацкая” Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання і фаер-шоў з Мінска.

 

Ірына РАБУШКА.

Фота Яўгенія СТЭЛЬМАХА і Ірыны РАБУШКІ. 

 

Шмат цікавых відэа ў нашых сацыяльных сетках!

 

поделиться в: