Ганарыцца сваёй ідэнтычнасцю
16.02.2026У рамках праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» 13 лютага ў жаночым клубе «Сучасніца» Палаца культуры г. Маладзечна адбылася літаратурная вечарына «Мовай роднай ганаруся».
Сустрэча была прысвечана багаццю беларускай культурнай спадчыны. Удзельніцы клуба ўспомнілі выдатных творцаў, чыё жыццё і дзейнасць цесна звязаны з роднай мовай: першадрукара Францыска Скарыну, класікаў Янку Купалу і Якуба Коласа.
Асаблівым момантам стала чытанне ўрыўкаў з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Удзельніца клуба Таццяна Варывончык прадставіла яе эксклюзіўны экземпляр са сваёй асабістай бібліятэкі. Кніга, выдадзеная да 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, цікавая тым, што змяшчае тэкст адразу на трох мовах: беларускай, рускай і польскай. Гэта падкрэслівае не толькі значнасць твора, але і яго міжнароднае прызнанне.
Безумоўна, творчая вечарына паспрыяла ўмацаванню любові да роднага слова. Удзельніцы клуба перакананы: зберагаючы спадчыну, мы зможам перадаць яе багацце наступным пакаленням, навучыць паважаць традыцыі, культуру і ганарыцца сваёй ідэнтычнасцю.
Ірына РАБУШКА.
Фота з архіва клуба «Сучасніца».