За адзін дзень – чатыры знакавыя месцы

29.03.2026

Незвычайнае і цікавае іншы раз знаходзіцца зусім побач. У гэтым 28 сакавіка пераканаліся ўдзельнікі гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай” Палаца культуры г. Маладзечна, якія ў рамках праектаў “Познай Беларусь!” і “Святыні Беларусі” за адзін дзень пабывалі ў чатырох знакамітых мясцінах нашага і суседняга Мінскага раёнаў.

Многія любяць  песню “Вераніка” ў выкананні ансамбля “Песняры”. Аднак далека не ўсе ведаюць, што гэту паэму, як і верш “Слуцкія ткачыхі”, а таксама многія іншыя творы 19-гадовы Максім Багдановіч напісаў у маляўнічай вёсачцы Ракуцёўшчына, што непадалёк ад Краснага. Юны паэт адпачываў тут два месяцы летам 1911 года. Пра гэта і многае іншае маладзечанцы даведаліся ў час цікавай экскурсіі, якую правялі загадчыца філіяла музея “Фальварак Ракуцёўшчына” Любоў Шчэрбач і  супрацоўніца музея Наталля Усішчава.

Працягваючы паэтычную тэму, турысты завіталі ў адзін са старэйшых каталіцкіх храмаў Беларусі – кацёл Святой Тройцы ў Радашковічах, дзе 12 ліпеня 1882 года быў ахрышчаны Ян Луцэвіч – будучы народны паэт Беларусі Янка Купала. Пробашч Юрый Быкаў расказаў пра гісторыю касцёла, яго аднаўленне. Дарэчы, падчас набажэнства тут гучыць чацверты па велічыні ў краіне арган – асаблівы гонар парафіян.

У пасёлку Радашковічы маладзечанцы пабывалі на “Ферме смаўжоў” і ў “Альпака Парку”. Цікава было даведацца, як разводзяцца вінаградныя смаўжы и ахаціны (афрыканскія смаўжы), у час экскурсіі пазнаеміцца з рознымі пародамі курэй і папугаяў,  пабачыць іншых птушак і жывёлаў. Шмат станоўчых эмоцый маладзечанцы атрымалі ў кантактным заапарку, калі з задавальненнем кармілі альпакаў і іншых чацвертаногіх насельнікаў. А ў мясцовым кафэ была магчымасць паспрабаваць сапраўдны далікатэс – вінаградных смаўжоў пад спецыяльным соўсам.

Апошнім пунктам падарожжа стаў горад Заслаўе. Разам з цудоўным экскурсаводам Галінай Дрокінай турысты прайшліся па адным з самых старажытных гарадоў нашай краіны, пабывалі на Замчышчах і ў праваслаўным храме. Уразіла і экскурсія ў адзіны на Беларусі музей маляванкі, дзе прадстаўлена багатая калекцыя насценных дываноў 1920-1950 гадоў – яркага прыкладу так званага  наіўнага мастацтва. Самыя каштоўныя экспанаты – дываны, распісаныя мастакамі Язэпам Драздовічам і Аленай Кіш. Музей карыстаецца вялікай папулярнасцю, прыцягвае сваей неардынарнасцю і асаблівай аўрай. Адчулі яе і маладзечанцы. І загадалі жаданні паміж вясельных “шчаслівых дываноў”. Супрацоўнікі музея запэўнілі, што яны абавязкова збываюцца... А галоўнае жаданне турыстаў -- акрыць для сябе новыя цікавыя мясціны і яшчэ больш даведацца пра родную Беларусь.

 

Анжаліка Крупянькова.

Фота з архіва гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай” Палаца культуры г. Маладзечна.

поделиться в: