Узбагаціліся духоўна, спасціглі сакрэты майстэрства

25.04.2026

У рамках праектаў “Пазнай Беларусь” і “Святыні Беларусі” ўдзельнікі гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай” Палаца культуры г. Маладзечна падарожнічалі па Мядзельшчыне.

Шмат незабыўных уражанняў засталося пасля наведвання касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе, адной з трох малых базілік нашай краіны, выбранай Рымска-каталіцкай царквой духоўным цэнтрам Беларусі.

Тысячы паломнікаў прыходзяць сюды, каб пакланіцца цудатворнай іконе Божай Маці Будслаўскай, якая захавалася з XVI стагоддзя. Кожны з удзельнікаў экскурсіі схіліў галаву перад цудадзейным абразам, папрасіў нешта сваё, самае запаветнае, паставіў свечку, дараваў  ахвяру касцёлу, які пацярпеў ад пажару ў 2021 годзе і цяпер аднаўляецца.

Пазнавальнай была і экскурсія на аграсядзібу “Фальварак Раскоша” ў вёсцы Палессе Будслаўскага сельсавета. Маляўнічая сядзіба знаходзіцца на самым беразе ракі Сэрвач. Гаспадар Яўгеній Апанасевіч – гісторык па адукацыі, экскурсавод, які ў 2017 годзе атрымаў тытул лепшага гіда Беларусі. Ён  стварыў аграсядзібу ў весцы сваіх продкаў і прыкладае шмат намаганняў, каб паказаць суайчыннікам і гасцям нашай краіны сапраўдную беларускую вёску, яе ўклад, звычаі.

У маладзечанскіх турыстаў была магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах па вырабе саламяных павукоў і прыгатаванні моцных настояў з траў і ягад. Гасцінныя гаспадары пачаставалі дранікамі і іншымі стравамі беларускай нацыянальнай кухні.

Шмат карыснай інфармацыі атрымалі ўдзельнікі клуба ў час экскурсіі на Ілаўскі вінны завод, які славіцца сваёй натуральнай прадукцыяй без араматызатараў і фарбавальнікаў – пладова-ягадным віном, кальвадосам, сокам і кансервацыяй. Супрацоўнікі прадпрыемства пазнаёмілі з вытворчасцю, запрасілі на дэгустацыю.  У  час яе турысты змаглі ацаніць напоі, таматны соус і яблычнае павідла, а пасля набыць тое, што спадабалася ў фірменным магазіне.

 

Анжаліка Крупянькова.

Фота ўдзельнікаў гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай” Палаца культуры г. Маладзечна.

 

поделиться в: