З павагай да сваіх каранёў
15.05.2026Канцэртная праграма творчых калектываў Маладзечанскага раёна “І родная мова, як песня, гучыць” адбылася ў нашай установе 14 мая і з’яднала прыхільнікаў народных мелодый.
У ёй прынялі ўдзел артысты Палаца культуры і філіяла “Дзіцячы цэнтр культуры “Расток”. Невыпадкова канцэрт распачаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Спадчына” імя Іосіфа Сушко нашай установы, які мае багатую гісторыю. Праграма прысвячалася яго 65-годдзю. У чарговы раз удзельнікі прадэманстравалі розныя грані таленту, здзівіўшы публіку вакалам і харэаграфіяй.
Даўно мае сваіх прыхільнікаў і народны вакальны калектыў “Талака” філіяла цэнтра культуры “Расток”. Гледачы таксама шчыра віталі яго і не шкадавалі апладысментаў.
Публіка цёпла сустракала народны вакальны ансамбль “Асалода” Раёўскага СДК і народны ансамбль народнай песні “Забудова” Чысцінскага СДК (Маладзечанскі раённы цэнтр культуры). Яны ўнеслі свой каларыт у свята творчасці.
Варта адзначыць і тое, што ў гэты вечар гучала выключна беларуская мова. Выдатана гаварыла на ёй і наша калега Ганна Рухадзэ, якая вяла канцэртную праграму.
Як гавораць, пакуль жыве мова і народная песня, – будзе жыць і народ, калі ён спявае, з любоўю і павагай ставіцца да сваіх каранёў.
Ірына РАБУШКА.
Фота Яўгенія СТЭЛЬМАХА.