Вяртанне да каранёў
11.06.2026Адно з самых каларытных мерапрыемстваў юбілейнага XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна - 2026» – выставачны праект «Этнамузыка Беларусі».
Ён адкрыўся 10 чэрвеня ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі і сабраў мноства гледачоў.
Стваральнік праекта Іван Кірчук – беларускі музыкант, фалькларыст, пісьменнік, педагог, аўтар эксперыментальных музычных праграм, рэканструкцый абрадаў і святаў, уладальнік калекцыі музычных інструментаў практычна з усіх краін свету.
У ліку прысутных на прэзентацыі праекта была начальнік галоўнага упраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Ала Шахоцька.
Гледачам цікава было даведацца пра тое, як у шматлікіх плённых экспедыцыях па Беларусі Іан Кірчук сабраў унікальны матэрыял: прадметы народнага побыту беларусаў, калекцыі старадаўняга адзення, масак, народных музычных інструментаў, лялечны тэатр «Батлейка», аўдыё- і відэаархіў народных выканаўцаў і фальклорных калектываў.
А першы інструмент з калекцыі з’явіўся ў 1995 годзе: Івану Іванавічу падарылі капыльскую дудку. Ён паспрабаваў выканаць «Рэчаньку», «Купалінку» – і з гэтага ўсё пачалося. Калекцыя папаўняецца па сённяшні дзень. І. Кірчук наведаў больш за 100 фестываляў – ад Малайзіі да Чылі – і з кожнай паездкі прывёз інструменты.
Таксама некаторыя інстурменты па замове рабіў народны майстар з Мар'інай горкі Усевалад Жукоўскі, які майстраваў ліры для «Песняроў» і «Харошак». Чароткі, жалейкі, акарыны вырабіў лідскі майстар Дзяніс Гром. А гуслі даслаў у падарунак народны майстар Павел Крыж.
У калекцыі Івана Іванавіча сабраліся дзіўныя «суседзі»: беларуская ліра, афрыканская джамба, мандаліны, турэцкі саз, аўстралійскі дыджэрыду, незвычайныя флейты, гітары і шаманскія бубны…
Музыкант заўсёды дзякуе продкам за пакінутыя нам духоўнае багацце і мудрасць: «Трэба звяртацца да каранёў нашых, каб душа адкрывалася свайму спрадвечна беларускаму мастацтву.».
На прэзентацыі «Этнамузыка Беларусі» Іван Кірчук прадэманстраваў, як гучаць некаторыя музычныя інструменты. Дарэчы, лічыцца, што інструменты, зробленыя з прыродных матэрыялаў рукамі чалавека, маюць гаючае ўздзеянне.
Ірына РАБУШКА.
Фота Яўгенія СТЭЛЬМАХА.
Глядзіце відэасюжэты яркіх момантаў з прэзентацыі выставачнага праекта ў нашых сацыяльных сетках і Тэлеграм-канале
Больш фота – па СПАСЫЛЦЫ