Класіка ў сэрцы фестывалю

12.06.2026

Аматары класікі атрымалі сапраўднае задавальненне ад канцэрта «Ад Агінскага да нашых дзён» заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. Ён прайшоў 11 чэрвеня ў рамках юбілейнага XXV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна – 2026» і быў прымеркаваны да 260-годдзя з дня нараджэння М.К. Агінскага.

Канцэрт адбыўся ў музычным каледжы.

Дырыжор – заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сарока. Вядучая праграмы – Вольга Кохан.

На канцэрце прагучалі паланэзы, арыі, рамансы, класічныя творы, урыўкі з іх. І, канешне, гледачы апладзіравалі бессмяротнаму паланэзу «Развітанне з Радзімай» і слухалі яго стоячы.

Творчасцю парадавалі салісты вакальна-харавога калектыву «Бельканта», у ліку якіх Наталля Шыбко, Вольга Ерафеева, Вольга Кохан, Дзмітрый Апяцёнак, Яраслаў Саколікаў, Раман Дземеш.

Канцэртная праграма сімфанічнага аркестра – гэта і даверная размова дырыжора з публікай. Рыгор Сямёнавіч расказаў пра адметнасці навучальнага працэсу ў музычным каледжы, падкрэсліўшы выдатную школу падрыхтоўкі вакалістаў, акцэнтаваў на поспехах выхаванцаў, многія з якіх пакарылі самыя прэстыжныя сусветныя сцэны.  

 

Ірына РАБУШКА. 

Глядзіце відэасюжэты яркіх момантаў мерапрыемства ў нашых сацыяльных сетках і Тэлеграм-канале

поделиться в: