“Асоба эпохі”: Уладзімір Мулявін. “Песняры”

12.06.2026

Цыкл творчых сустрэч “Асоба эпохі” ўжо дзявяты раз праходзіць у рамках Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”.

На юбілейным 25-м галоўным героем стаў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Сустрэча прысвячалася яго заснавальніку – выдатнаму музыканту Уладзіміру Мулявіну, якому сёлета споўнілася б 85 гадоў.

Вядучай праекта была член Беларускага саюза музычных дзеячаў Таццяна Якушава.

На сустрэчы гаварылі пра Уладзіміра Мулявіна як пра чалавека і музыканта, пра нараджэнне “Песняроў”, пераемнасць і традыцыі, сённяшняе жыццё цяпер ужо заслужанага калектыву “Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Дапамагалі ў гэтым дырэктар-мастацкі кіраўнік калектыву Раман Козыраў і саліст Артур Міхайлаў (як вядома, наш зямляк). Таксама ў зале прысутнічала дачка Уладзіміра Мулявіна – Марына, якая беражліва захоўвае памяць аб ім. Былі выкарыстаны і архіўныя відеазапісы, у тым ліку ўспаміны яго паплечнікаў.

Мулявін і ансамбль “Песняры” – і сімвалы музычнай эпохі, і яе стваральнікі. З дня нараджэння калектыву мінула амаль 57 гадоў, а справа жыве і гучыць!

Сучасныя паслядоўнікі легендарнага творцы працягваюць слаўныя традыцыі, закладзеныя Уладзімірам Мулявіным, і памнажаюць іх.

У сусветнай музычнай гісторыі ансамбляў-доўгажыхароў не так ужо і шмат. Але “Песняры” знайшлі ідэю, якая будзе актуальная заўсёды. Найперш гэта апора на самабытны беларускі фальклор. Мулявін віртуозна злучыў народную песню з рокам, джазам, поп-музыкай. Ён паказаў, што яна можа гучаць сучасна і быць цікавай для масавай аўдыторыі.

Варта звярнуць увагу на любоў Мулявіна да класікі, высокай паэзіі Купалы, Коласа, Багдановіча… І, канешне ж, на фірменнае шматгалоссе.

Такім чынам, фальклор, класіка і шматгалоссе – тры кіты, на якія абапіраўся ў творчасці Уладзімір Мулявін.

Трэба заўважыць і тое, што ён стварыў не толькі калектыў са сваім непаўторным гучаннем, але і цэлы музычны рух. Праз ансамбль “Песняры” прайшло вельмі шмат таленавітых людзей, якія на сабе адчулі каласальны ўплыў яго магутнай асобы. І ўсе яны лічаць сябе часткай вялікага  пяснярскага братэрства. Многія аднадушна сцвярджаюць: “Мулявін быў бескампрамісны ў творчасці, але вельмі сціплы у жыцці.». А яго паплечнік Леанід Барткевіч неяк сказаў: “Мулявін – геній, але сам гэтага не разумеў. Ён проста працаваў, працаваў і працаваў…”.

Таму мінулі дзесяцігоддзі, а яго творчасць працягвае жыць, натхняць і аб’ядноўваць людзей розных пакаленняў.

У час творчай сустрэчы “Асоба эпохі” заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” парадаваў музычнымі нумарамі.

 

Ірына РАБУШКА.

Глядзіце відэасюжэты яркіх момантаў мерапрыемства ў нашых сацыяльных сетках і Тэлеграм-канале  

поделиться в: