Фэст. Купальскі. Таямнічы
07.07.2026Адно з самых таямнічых народных свят – Купалле – маладзечанцы і госці нашага горада адзначалі 6 ліпеня. Літаральна кожнага ахутала атмасфера старажытнай казкі і сапраўднага чараўніцтва.
«Купальскі фэст» разгарнуўся ў гэты дзень на пляцоўцы каля Амфітэатра ў гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі. Ні адзін госць не застаўся сумным! У ліку тых, хто ствараў святочны настрой, былі таленавітыя прадстаўнікі Палаца культуры г. Маладзечна. Сярод іх – вакальная група «Валошкавы настрой» і народны вакальны ансамбль «Менестрэлі».
Прыгожыя купальскія спевы і вясёлыя карагоды, таямнічая варажба, яркія фотазоны, адмысловыя сувеніры ад майстроў, велічнае вогнішча і феерычнае фаер-шоу – усё гэта было на фэсце. Асабліва вылучалася тэатралізавана-забаўляльная праграма «У пошуках шчасця», падрыхтаваная Палацам культуры. Галоўныя вобразы Купаліша і Купалінкі трапна ўвасобілі таксама прадстаўнікі нашай установы – мастацкі кіраўнік Павел Данілаў і загадчык аддзелам аматарскай творчасці Ірына Судніковіч. З імі не складана было паверыць у купальскае цуда і цікава адправіцца на пошукі міфічнай папараць-кветкі…
Ірына РАБУШКА.
Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.
Яшчэ больш прыгожых фота ў АЛЬБОМЕ па СПАСЫЛЦЫ
Глядзіце яркія моманты свята ў нашых сацыяльных сетках і Тэлеграм-канале