Сцежкамі беларускіх святыняў
24.08.2026Пакланіцца цудатворнай іконе Божай Маці Жыровіцкай едуць з усёй Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Такая магчымасць прадаставілася і ўдзельнікам гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай” Палаца культуры г. Маладзечна, якія ў рамках праектаў “Пазнай Беларусь” і “Святыні Беларусі” наведалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр – духоўны праваслаўны цэнтр Беларусі.
Маладзечанцы пабывалі на экскурсіі ў адкрытым у 2025 годзе музеі. Ён расказвае пра гісторыю праваслаўя на беларускіх землях, пра манастыр, цудатворную ікону і вядомых царкоўных дзеячаў. Да слова, абраз Багародзіцы, які з'явіўся ў 1470 годзе ў Жыровічах, з'яўляецца самым малым у свеце, яго памер каля 5,6 на 4,4 сантыметры.
Пачулі маладзечанцы і гук самага вялікага звана на Беларусі, вага якога 14 тон.
Уразіла турыстаў старажытная гатычная царква-крэпасць XV стагоддзя ў вёсцы Сынкавічы Зэльвенскага раёна. Гэты храм абарончага тыпу з унікальнымі чатырма вежамі, з графіці на сценах і цудоўнай акустыкай мае вельмі багатую і цікавую гісторыю, аб якой захапляюча расказала мясцовы краязнаўца Святлана Літвінчык. Тут знаходзіцца цудатворная ікона “Усецарыца”, якая на працягу доўгіх вякоў дапамагае вернікам, аб чым сведчаць дары. У маладзечанцаў была магчымасць пакланіцца іконе, а таксама акунуцца ў святой крыніцы непадалёк ад Сынкавічаў.
Пазнаёміліся турысты і з архітэктурай Слоніма са шматлікімі старажытнымі будынкамі. Гэты горад захоўвае памяць пра род Агінскіх, прадстаўнікі якога нямала зрабілі для яго развіцця. А ў сядзібна-паркавым комплексе Альберцін, у чатырох кіламетрах ад цэнтра Слоніма, удзельнікі клуба любаваліся былым палацам Пуслоўскіх XIX стагоддзя. Яго ахоўваюць створаныя італьянскім скульптарам ільвы – маўклівыя сведкі гістарычных падзей, якія і сёння адгукаюцца ў сэрцах тых, хто любіць свой край і стараецца як мага больш убачыць і даведацца пра багатае мінулае.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота з архіва гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай”.