Паклон вам нізкі, Колас і Купала!
07.09.2026Вершы класікаў беларускай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы, а таксама песні на іх словы гучалі ў Палацы культуры г. Маладзечна. Напярэдадні XXXIII Дня беларускага пісьменства, які 5-6 верасня праходзіў у Касцюковічах на Магілёўшчыне, удзельніцы жаночага клуба “Сучасніца” правялі вечарыну “Мовай роднай ганаруся”.
Кіраўнік клуба і вядучая імпрэзы Ганна Владыка прапанавала ўвазе жанчын дакументальны фільм “Купала і Колас. Два яблыкі на адной галінцы”, які распавядае аб моцным сяброўстве класікаў беларускай літаратуры, што доўжылася ўсе жыццё. У кожнага з іх свой стыль, свая самабытнасць, аднак разам яны ўзнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, пакінулі нашчадкам бессмяротную спадчыну. Некаторыя творы класікаў прагучалі ў гэты вечар. Галіна Баян-Ключнікава цудоўна выканала песні “Мой родны кут” на словы Якуба Коласа і “Явар і каліна” на словы Янкі Купалы. Надзея Сідарэнка прыгадала верш Купалы “Не глядзі на мяне”, які ёй запаў у душу. Шмат эмоцый выклікала відэа ўрыўка паэтычнага спектакля “Бандароўна”, які па матывах паэмы Янкі Купалы яна ў свой час паставіла на прадпрыемстве Маладзечанскіх электрасетак. Луцыя Арловіч прачытала ўрывак з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа (гэты твор паэт пачаў пісаць у 29 год). Наталля Гайковіч узгадала адметную падзею: адкрыцце ў 2001 годзе філіяла музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне, дзе ў 1906-1907 гадах малады паэт працаваў памочнікам вінакура на бровары. Да слова, толькі гэты музей знаходзіцца ў аўтэнтычнай хаце, у якой будучы паэт здымаў пакой, дзе ён напісаў большасць твораў свайго першага зборніка “Жалейка”. Узгадалі сучасніцы і святы паэзіі ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Янка Купала. Сярод ганаровых гасцей на іх часта прысутнічаў малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, які дзяліўся ўспамінамі пра шчырае сяброўства свайго бацькі з Янкам Купалам. Кожнае выступленне сучасніц, кожны успамін і з любоўю прачытаны верш – даніна глыбокай удзячнасці нашым класікам за іх талент, за іх адданасць роднай краіне і яе людзям.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота з архіва жаночага клуба “Сучасніца”.