“ПАДЗЕЯ”, якая натхняе

16.10.2026

У Палацы культуры г. Маладзечна 16 кастрычніка адбылася ўрачыстая прэзентацыя выставы “ПАДЗЕЯ”.

Мерапрыемства было арганізавана ў стылі восеньскага салону, які ўжо стаў для нашай установы добрай творчай традыцыяй.

Экспазіцыя аб'яднала работы ўдзельнікаў народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Палаца культуры, а таксама вядомых маладзечанскіх мастакоў. На выставе можна ўбачыць жывапіс, графіку, фатаграфію і ўнікальныя вырабы не толькі ад вопытных мясцовых аўтараў, але і ад пачынаючых творцаў.

Сярод выступоўцаў была галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Аксана Курчына, якая пажадала яркіх азарэнняў. А кіраўнік народнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ініцыятар праекта Алена Кучка засяродзіла ўвагу на тым, як творчасць дапамагае развівацца, самаўдасканальвацца і проста ўпрыгожвае наша жыццё. Разам з мастачкай гледачы адправіліся ў сапраўдную вандроўку, падчас якой даведаліся гісторыю стварэння многіх прадстаўленых твораў. Алена таксама падзякавала ўсім, хто дапамагае ёй тварыць.  

Наш восеньскі салон прадоўжыцца па 6 лістапада.

Спяшайцеся наведаць выставу і напоўніць сваё жыццё фарбамі натхнення!

 

Ірына РАБУШКА.
Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА.

поделиться в: