Чым слова наша адгукнецца…
23.10.2026Які з беларускіх часопісаў 70-х гадоў мінулага стагоддзя меў свой брэнд, хто з айчынных пісьменнікаў насіў дэфіцытны скураны фінскі пінжак, за якім сталом пісаў свае байкі Кандрат Крапіва – пра гэта і вельмі многае іншае даведаліся ўдзельнікі гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай” Палаца культуры г. Маладзечна ў час наведвання Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Экскурсія адбылася ў рамках праекта “Пазнай Беларусь!”.
Сімвалічна, што музей размешчаны ў Мінску па вуліцы імя Максіма Багдановіча. Ён аб'ядноўвае дзесяць філіялаў, у тым ліку і філіял-музей Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” на Маладзечаншчыне. Па залах музея можна хадзіць вельмі доўга. Усяго ў фондах захоўваецца 100 тысяч экспанатаў, звязаных з гісторыяй айчыннай літаратуры і яе адметнымі носьбітамі.
Сярод іх і ўпамянёны вышэй скураны пінжак, у якім фарсіў Рыгор Барадулін. Прыцягвае ўвагу настольная лямпа, пад якой пісаў свае творы Уладзімір Караткевіч. Тут можна ўбачыць і рукапіс калыханкі “Доўгі дзень, летні дзень” Генадзя Бураўкіна, пад якую засынала не адно пакаленне маленькіх беларусаў. “Пазнаёміліся” маладзечанцы і з Васям Вясёлкіным. Ен стаў сапраўдным брэндам дзіцячага часопіса “Вяселка”.
Што ні зала, што ні стэлаж – новая цікавая гісторыя, лес знаёмых нам з дзяцінства пісьменнікаў, іх рукапісы, кнігі, партрэты... Бясцэнны скарб, наша літаратурная спадчына, да якой у чарговы раз пашчасціла дакрануцца і адчуць гонар за сваіх таленавітых творцаў.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота з архіва гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай”.