Купалаўскія лабірынты клуба «Глобус.бай»

30.10.2026

Каму з аматараў тэатра не хочацца зазірнуць у яго закуліссе, даведацца, як ствараюцца спектаклі? Такая цудоўная магчымасць прадаставілася ўдзельнікам гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай” Палаца культуры г. Маладзечна. У рамках праекта “АРТ-прастора Беларусі” яны пабывалі на экскурсіі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску.

Загадчык трупы тэатра Наталля Кураш вельмі гасцінна сустрэла маладзечанцаў і правяла па месцах, дзе праходзяць асноўныя этапы нараджэння пастановак, – касцюмерным, рэквізітарскім, бутафорскім, грымёрным цэхах. Пабывалі нашы турысты і на трох сцэнічных пляцоўках: асноўнай і камернай сцэнах, у каміннай зале, дзе, да слова, праходзяць не толькі творчыя сустрэчы, але і цырымоніі рэгістрацыі шлюбаў.

Маладзечанцы даведаліся пра больш чым векавую гісторыю старэйшага тэатра Беларусі. Адметныя факты: менавіта ў яго будынку ў 1919 годзе была прынята першая Канстытуцыя нашай рэспублікі. Пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Сцяг Перамогі быў узняты таксама на даху гэтай славутай будыніны. Цікава і тое, што ў левай ложы глядзельнай залы ёсць “Месца Янкі Купалы”, адкуль народны паэт любіў глядзець спектаклі.

У фотагалерэі Нацыянальнага акадэмічнага – партрэты як цяперашніх кіраўнікоў і акцёраў, так і тых, хто стаяў ля яго вытокаў. Прыемна было ўбачыць і партрэт нашага земляка Аляксандра Пашкевіча – таленавітага артыста, музыканта, які сёння задзейнічаны ў многіх пастаноўках.

Лагічным працягам экскурсіі стаў спектакль аб няпростай прафесіі акцёра “Гэта цудоўнае жыццё” паводле п'есы папулярнага амерыканскага драматурга Кена Людвіга. Гледачы былі ў захапленні ад яркай ігры народнай артысткі Беларусі Тамары Міронавай, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Вольгі Няфёдавай і іх партнёраў па сцэне. Незабыўныя ўражанні засталіся ад музычнага суправаджэння. Жывая музыка – нібы асобны персанаж п'есы. І як было не пагадзіцца са словамі галоўнага героя ў выкананні выдатнага акцёра Уладзіміра Іванова: “Дзякуючы тэатру мы застаёмся людзьмі! Без яго мы б даўно здзічэлі...”

 

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота з архіва гісторыка-краязнаўчага клуба “Глобус.бай”.

поделиться в: