Творчая сустрэча з аўтарскай групай праекта “Наперад у мінулае” з нагоды 10-годдзя праекта ў межах ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “МАЛАДЗЕЧНА – 2022”

11.06.2022

За час існавання праекта творчая група ў кампаніі з беларускімі зоркамі эстрады праехала ўсю краіну. Па ўмовах праекта, носьбіты аўтэнтычнай культуры выконваюць шэраг песень – народных кампазіцый. А напрыканцы кожнай праграмы ўвазе гледачоў прадстаўляецца новая версія народнай песні ў сучаснай аранжыроўцы, якую выконваюць вядомыя беларускія артысты. Новая апрацоўка старажытнай песні надае другое жыццё фальклорнай спадчыне, папулярызуючы яе сярод моладзі.
Рэжысёр і аўтар праекта – Анатоль Вечар, вядучая – Аксана Вечар, цяперашнія аранжыроўшчыкі – Сяргей Сухамлін і Арцём Кандрацюк падчас святочнай імпрэзы з задавальненнем распавядалі як стваралася праграма “Наперад у мінулае”, адказвалі на пытанні і нават падрыхтавалі для прысутных віктарыну.

Падчас пляцоўкі з асаблівым натхненнем дарылі народным песням новае жыццё заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Алена Ланская, Наталля Тамэла, вакальныя ансамблі “Карані” і “Журавушка”.
Напрыканцы сустрэчы была прадстаўлена 500-я народная песня “А ў полі жыта” у сучаснай апрацоўцы.
Таксама госці фестывальнага Маладзечна змаглі наведаць выставу фотаработ аўтараў праекта “Жывая спадчына”, якія былі зроблены падчас здымак праграмы аб унікальных звычаях, што ўвайшлі ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.