“НАСТАЛЬГІЧНЫ ДЫВЕРТЫСМЕНТ” - заключны гала-канцэрт ХХI Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2022" прайшоў на сцэне летняга Амфітэатра

11.06.2022

Канцэртная праграма стала сцэнічным увасабленнем кнігі музыказнаўцы Вольгі Брылон, героямі якой з’яўляюцца выбітныя і знакамітыя майстры беларускай эстрады. Сюжет канцэрта-закрыцця будаваўся на хранікальных сюжэтах, урыўках з запісаў выступленняў артыстаў і сцэнічным увасабленні песен у “актуальным” гучанні.
“НАСТАЛЬГІЧНЫ ДЫВЕРТЫСМЕНТ” прайшоў у суправаджэнні самага старэйшага музычнага калектыву Беларусі, які быў створаны ў 1930 годзе, Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам дырыжора, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Аляксандра Крамко.
У канцэрце жыхары і госці горада Маладзечна здейснілі сваеасаблівае падарожжа да вытокаў беларускай эстрады, аднавілі яе лепшыя старонкі і ўзгадалі выдатных асобаў, якія сваёй творчасцю ўзнеслі айчыннае эстраднае мастацтва на незвычайную вышыню.
На сцэне Амфітэатра выступілі народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў, заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева, Аляксандр Саладуха, Алена Ланская, Уладзіслаў Місевіч, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль “Сябры”, Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, група “Аура”, ансамбль “Чараўніцы” і іншыя.
Напрыканцы вечара дырэкцыі фестывалю была ўручана кніга “Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент” і падарачны медаль Уладзіміра Мулявіна, прывезены з радзімы песняра. Медаль, адліты ва Уральскай майстэрне імя Дубровіна, была перададзена старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юрыю Мікалаевічу Горлаву.
Прыемныя сюрпрызы фестывалю не скончыліся. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Мечыслававіч Маркевіч аб’явіў Падзяку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва артысту Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча Аляксандру Крамко, а таксама музыказнаўцы Вользе Брылон і старшай дачцы Уладзіміра Мулявіна Марыне, якая ўнесла свой уклад у выдавецтва кнігі “Беларуская эстрада. Настальгічны дывертысмент”.
Завяршылася свята кампазіцыяй “Песні вяртаюцца”, на сцэну выйшлі ўдзельнікі канцэрта. Гледачы апладзіравалі артыстам стоячы.