У падарожжа – разам з сябрам!

23.11.2023

Ці заўважалі вы, што наша жыццё кожны дзень складаецца з вялікіх і маленькіх “падарожжаў”? “Вандруем” мы хто куды – ці то ў школу, ці на працу, хтосьці не ўяўляе сябе без замежных паездак, а некаторым люба і на Радзіме, у родным горадзе… Як шматлікім удзельнікам узорнай эстраднай студыі “Жывы гук” Палаца культуры г.Маладзечна!

Таленавітыя, натхнёныя і нават крыху летуценныя… студыйцы “Жывога гуку” разам са сваім кіраўніком Алесяй Кульша задумалі незвычайны канцэрт-падарожжа “Разам з сябрам” у свет творчасці і музыкі, дзіцячай непасрэднасці, сяброўскай шчырасці, любові да роднага краю!

Адметна, што аўтарам усіх без выключэння музычных кампазіцый, заяўленых у творчым праекце, з’яўляецца наш зямляк, таленавіты кампазітар і паэт Віталь Качаткоў. Выканаўцы яго твораў не менш цікавыя асобы: самаму маленькаму ўдзельніку канцэрта “Разам з сябрам” споўнілася толькі 4 гады, а ўсяго ў праекце задзейнічана больш за 150 чалавек: салісты ўзорнай эстраднай студыі “Жывы гук” Ягор Сак, Яна Дзяруга, Аляксей Сівіцкі, Мікіта Барыскін, Васіліна Ліпніцкая, Валерыя Пятровіч, Сафія Кішкурна, Аліса Касцюк, Цімур Мяцельскі, Захар Будзіч, Усціння Чырыца, Ульяна Рагозіна, Анастасія Гур’ян, Надзея Ракоўская. Падтрымаюць артыстаў і шматлікія сябры творчай суполкі – салісты і калектывы Палаца культуры: Ігар Давідовіч, Вераніка Ліпніцкая, Аляксандр Бохан, Эля Ламейка, Анісья Батура, Павел Данілаў, Дзіяна Бажко, а таксама народны вакальны ансамбль “Менестрэлі”, студыя іспанскага танца фламенка “Фуэга”, узорны харэаграфічны ансамбль “Сонечныя праменьчыкі”. І, канешне ж, у такі адказны дзень побач са сваімі выхаванцамі будзе таленавітая Алеся Кульша!

Запрашаем і вас у цікавае творча-музычнае падарожжа “Разам з сябрам”! Адпраўленне з канцэртнай залы Палаца культуры 29 лістапада ў 18.00! Квіткі яшчэ ёсць!