Вечар памяці Марыі Рудык

26.01.2024

Чалавечае жыццё, на жаль, вельмі кароткае. І пражыць яго трэба з высокім напалам, хвалююча, запамінальна… Так спрабавала жыць і Марыя Іванаўна Рудык – салістка Заслужанага аматарскага калектыву ансамбля песні і танца “Спадчына” імя І. Сушко, яркая асоба, выдатная маці, верная сяброўка.

Вечар памяці артысткі адбыўся 26 студзеня ў Палацы культуры г.Маладзечна. На мерапрыемства завіталі родныя і сябры – тыя, хто ведаў і любіў Марыю Іванаўну, хто разам з ёй працаваў. Сустрэча атрымалася па-сямейнаму цёплай і шчырай.

Дзяліліся ўспамінамі сын Дзмітрый, лепшая сяброўка Ала Шэка, кіраўнік народнага вакальна-харэаграфічнага калектыву “Адпачынак” Людміла Пагарэлава. І, канешне ж, удзельнікі ансамбля “Спадчына”, з якім непарыўна былі звязаны зямное жыццё і творчы лёс Марыі Рудык.

А яшчэ ў гэты вечар гучалі песні. Па-іншаму і быць не магло – у жыцці Марыі Іванаўны заўсёды прысутнічала музыка. І, як трапна заўважыла вядучая вечара Вольга Кохан, нашчадкам адводзіцца важная місія – захоўваць і памнажаць гэтую творчую справу, пачатую таленавітай артысткай.